r22

Браслаў стаў горадам-пабрацімам армянскага Сцепанавана

Власть и общество
(Фота з архіва БЗ)

Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў падчас афіцыйнага візіту ў Арменію падпісаў дагавор аб пабрацімстве нашага Браслава і армянскага Сцяпанавана.
Горад Сцяпанаван, які да 1924 г. меў назву Джалал-Аглы (па-цюрску сын Джалала), названы імем Сцяпана Георгіевіча Шаўмяна. У 1899 годзе Сцяпан Шаўмян арганізаваў у Джалал-Аглы першы ў Арменіі марксісцкі гурток. Члены яго для друкавання лістовак выкарыстоўвалі гектограф і збіраліся ў цясніне ракі Дзарагет, якая працякае побач з горадам, каб пазбегнуць праблем з царскімі жандармамі.
У савецкі час, у 1938 г., Сцяпанаван стаў горадам рэспубліканскага падпарадкавання і цэнтрам Сцяпанаванскага раёна. Вядомы як горнакліматычны курорт, моцна пацярпеў падчас разбуральнага Спітацкага землятрасення ў 1988 годзе.
Як паведаміў Сяргей Шматаў, частка будынкаў не адноўлена пасля землятрасення і па сённяшні час. А, напрыклад, Палац культуры адбудавалі толькі ў мінулым годзе. Затое зараз гэта найпрыгажэйшы аб’ект культуры. Насычаны сучасным абсталяваннем, ён адпавядае нават не раённаму, а абласному ўзроўню.
На думку старшыні райвыканкама, у браслаўчан ёсць усе магчымасці, каб паспяхова развіваць культурныя і турыстычныя сувязі з горадам-пабрацімам. Сцяпанаванцы вельмі дружалюбныя, вольна размаўляюць па-руску, маюць багатую гісторыю, зацікаўлены ў праграме па абмене турыстамі. Таму ў бліжэйшы час неабходна распрацаваць план сумесных дзеянняў, у тым ліку абавязкова падабраць школу-пабраціма, правесці творчы конкурс “Арменія маімі вачамі” і іншае.
У галіне эканамічных узаемаадносін армяне, як за-значыў старшыня райвыканкама, першапачаткова прапануюць браслаўчанам прамыя пастаўкі армянскіх він і сухафруктаў.

Казімір Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.