Загоннае паляванне найбольш небяспечнае

Новости

З 1 кастрычніка на тэрыторыі Беларусі адкрылася загоннае паляванне ў светлы час сутак, у тым ліку і з выкарыстаннем сабак, на лася, аленя плямістага і высакароднага, дзіка, еўрапейскіх лань і казулю, якое працягнецца да 30 снежня. На тэрыторыі ж угоддзяў, якія перададзены ў бязвыплатнае карыстанне прыродаахоўным установам і лесагаспадарчым арганізацыям Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта РБ, паляваць дазваляецца да 31 студзеня 2013 г.
У гэты ж час на працягу сутак можна здабываць узгаданыя віды капытных жывёл з засады і з падыходу.
Загоннае паляванне найбольш небяспечнае, таму лічу неабходным напомніць асноўныя правілы бяспекі на ім.
Кожны стралок, які стаіць на нумары, павінен дасканала ведаць расстаноўку суседніх нумароў і стралковай лініі. Зараджаць зброю можна толькі на нумары і разраджаць перад зходам з яго.
Страляць, як правіла, дазваляецца толькі пасля выхаду жывёлы за стралковую лінію. У асобных выпадках з дазволу кіраўніка можна страляць унутар аблогі, калі выстрал бяспечны для іншых. Адказнасць за такія выстралы нясе стралок.
Забараняецца весці загоннае паляванне ў прыцемках, пры тумане, моцным снегападзе, увогуле ва ўмовах дрэннай бачнасці. Стралкам нельга выхадзіць на сярэдзіну прасекі, дарогі, супрацьлеглы бок аблогі, самастойна мяняцца нумарамі або пакідаць іх да заканчэння загону, акрамя выпадкаў, калі патрэбна тэрміновая дапамога напарніку.
На загонным паляванні забаронена карыстацца вогнястрэльнай самазараднай зброяй з ёмістасцю магазіна болей як 5 патронаў; патронамі да наразной зброі з абалочанай куляй, а гладкаствольнай — з круглай; страляць па жывёле далей як 50 м з гладкаствольнай і 150 — з наразной зброі, уздоўж стралковай лініі, за межы свайго сектара, пасля сігнала “адбой”.
Стрэлам уздоўж стралковай лініі лічыцца той, калі снарад або частка яго прайшлі бліжэй за 15 м ад суседняга нумара.
Будзьце асцярожнымі, і ні пуху вам ні пер’я.

Віктар Мархель,
дзяржінспектар інспекцыі АЖ і РС.