Браслаў — горад дружбы і партнёрства

Новости

Напрыканцы мінулага тыдня па праекце “Садзейнічанне рэгяанальнаму развіццю ў рамках еўрарэгіёнаў”, які рэалізуецца пры падтрымцы фонду “Еўразія” за кошт сродкаў агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID у Браславе прайшла чацвёртая Міжнародная канферэнцыя па трансгранічным супрацоўніцтве і развіцці інвестыцыйнай дзейнасці. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, дзелавых колаў, СМІ, а таксама кіраўнікі адміністрацый і муніцыпалітэтаў з Латвіі, Эстоніі, Расіі, Украіны, Польшчы, Арменіі.
Адкрываючы форум, старшыня Браслаўскага райвыканкама Сяргей Шматаў падзякаваў усім яго ўдзельнікам за тое, што яны прыехалі на Браслаўшчыну, пажадаў ім плённай работы і выказаў спадзяванне, што гасцей зацікавяць многія інвестыцыйныя праекты, якія ім прапануюць беларусы.
Пра партнёрскія і добрасуседскія адносіны Еўрарэгіёна “Азёрны край” расказала старшыня райсавета Ніна Пучынская. Яна, у прыватнасці, пад-крэсліла, што добрасуседскія адносіны ўмацоўваюцца з года ў год удзелам у сумесных культурных мерапрыемствах, абмене інфармацыяй, работай над праектамі па ахове навакольнага асяроддзя, развіцці прадпрымальніцтва, інфраструктуры, турызму.
У 2012 г. работа органаў улады беларускага боку была накіравана на праходжанне працэдуры адабрэння такіх праектаў, як “Кухня Беллы”, “Музейныя вароты”, “Стварэнне трансгранічнай асабліва ахоўваемай тэрыторыі”, “Суседская дарога”, “Малыя рэкі – вялікія праблемы” і г.д.
Ніна Пучынская падрабязна расказала пра плённыя адносіны мясцовай улады з рэгіёнамі Латвійскай і Літоўскай Рэспублік, Эстоніі, Расіі, Польшчы і Арменіі.
Прыемна, што з’яўляюцца новыя формы супрацоўніцтва, пашыраецца кола партнёраў, падпісваюцца новыя пагадненні аб супрацоўніцтве і сяброўскіх адносінах.
Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі Аляксандр Герасіменка падкрэсліў, што тавараабарот паміж Беларуссю і Латвіяй, які летась склаў 3,6 млрд. долараў, сёлета чакаецца значна большы. У Латвіі цяпер працуе 416 прадпрыемстваў з беларускім капіталам, а ў Беларусі больш за 600 – з латышскім.
Каля 10 тысяч жыхароў суседняй Латвіі і 2 тысячы беларусаў атрымалі дазволы на спрошчанае перасячэнне граніцы, што дае магчымасць часцей сустракацца з роднымі, наведваць могілкі і г.д.
Пасол выказаў надзею, што цесныя сувязі паміж краінамі-суседкамі будуць і ў далейшым развівацца і мацнець.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму выступіла і дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы “Новая Еўразія” Жанна Філіпава. Яна таксама прэзентавала праект “Садзейнічанне міжрэгіянальнаму развіццю ў рамках еўрарэгіёнаў”.
Пра інвестыцыйныя магчымасці Браслаўскага раёна расказала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Высоцкая. Ні для каго сёння не сакрэт, што інвестыцыі – гэта аснова развіцця як асобна ўзятага прадпрыемства, так і рэгіёна ў цэлым.
З мэтай фарміравання спрыяльнага інвестыцыйнага клімату ў нашай краіне прыняты шэраг нарматыўна-прававых дакументаў, і заканадаўчая база ў гэтым накірунку пастаянна ўдасканальваецца. Сведчаннем таму апошні Дэкрэт №10 Прэзідэнта РБ. Згодна з ім, інвестар мае права атрымаць у арэнду зямельны ўчастак, які яму патрэбен, без правядзення аўкцыёну. Да таго ж ён вызваляецца ад аплаты за права заключэння дагавора арэнды, ад зямельнага падатку ці арэнднай аплаты на перыяд праектавання і будаўніцтва аб’ектаў, аплаты ўвозімых мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе абсталявання і запасных частак для аб’ектаў і інш.
Статыстыка, па словах В. Высоцкай, сведчыць, што ў апошнія гады ў наш раён інвестыцыі дастаткова актыўна ўкладвалі дзяржаўныя арганізацыі, прыватныя прадпрыемствы, фізічныя асобы. У 2011 г. аб’ём інвестыцый склаў 23,5 млн. долараў, за 8 месяцаў бягучага – 22,7 млн. долараў.
В. Высоцкая таксама расказала гасцям пра прапановы па прыцягненні інвестыцый. Сярод іх такія, як вырошчванне і перапрацоўка азёрнай рыбы, наладжванне вытворчасці рыбы асятровых парод, вырошчванне і перапрацоўка льну, наладжванне мэблевай ці швейнай вытворчасці.
Сярод інвестыцыйных прапаноў таксама рэканструкцыя кінатэатра “Дружба”, гасцініцы, стварэнне летняга парка водных атракцыёнаў, лыжа-ролернай і гарналыжнай трас і інш.
Госці пазнаёміліся з аб’ектамі нерухомасці, якія прадаюцца на самых розных умовах, у тым ліку і за адну базавую велічыню.
Расказала В. Высоцкая і пра тыя інвестпраекты, якія рэалізуюцца ў раёне. Заключаны дагавор на будаўніцтва гасцініцы для VIP-персон. У в. Крукі па дарозе да граніцы плануецца будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі з аб’ектамі прыдарожнага сэрвісу, пабудавана першая чарга туркомплексу ў Струста, распрацаваны праект па будаўніцтве аэрапорта і г.д.
Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў падпісаў пагадненне аб намерах з мясцовым прадпрымальнікам, дэпутатам райсавета Віталем Гаспаровічам (будаўніцтва другой чаргі аб’екта прыдарожнага сэрвісу, які ўключае аўтазаправачную станцыю ў в. Муражы).
У другой палове дня ўдзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з перспектывамі развіцця аграэкатурыстычнага комплексу “Відзы-сіці”, арганізацыяй работы ў рамках праектаў па ўстойлівым развіцці рэгіёнаў, пра што праінфармавалі дырэктар каледжа М.Смірноў і намеснік кіраўніка браслаўскага раённага грамадскага аб’яднання трансгранічнага супрацоўніцтва “Еўрарэгіён “Азёрны край” Н. Спірыдонава. Пра ўдзел у праграмах міжнароднай тэхнічнай дапамогі як адным са спосабаў прыцягнення замежных інвестыцый расказала начальнік аддзела культуры райвыканкама Г. Караткова.
Па прыездзе ў Браслаў у гарадскім парку ўдзельнікі форуму сталі сведкамі і непасрэднымі ўзельнікамі адкрыцця каменя дружбы. Гэтую ганаровую місію даручылі А. Герасіменку і С. Шматаву. На камені замацавана мемарыяльная дошка са словамі ”Браслаў – горад дружбы і партнёрства”.
Дарэчы, ініцыятарам адкрыцця памятнага знака стала грамадскае аб’яднанне Еўрарэгіён “Азерный край”, якое працуе над распрацоўкай сумесных з мясцовай уладай ініцыятыў, асабліва ў рэалізацыі ідэй валанцёрскага руху.
Каб яшчэ мацней замацаваць сяброўскія адносіны, удзельнікі канферэнцыі пасадзілі ў парку 16 маладых туй – менавіта 16 дагавораў аб супрацоўніцтве заключаны райвыканкамам з партнёрамі розных краін. Няхай з гэтымі туямі разам набіраюць моц і сяброўскія адносіны.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.