stol

100 пытанняў даросламу

Власть и общество

Мерапрыемства пад такой назвай арганізаваў для падлеткаў Браслаўскі цэнтр дзяцей і моладзі. Яго мэта – наладзіць дыялог паміж прадстаўнікамі малодшага пакалення і службовымі асобамі, бо, як паказвае практыка, моладзь мае да ўлады шмат пытанняў і прапаноў, але па розных прычынах не можа іх агучыць.
У ходзе апытанняў маладых людзей напярэдадні сустрэчы высветлілася, што іх больш за ўсё хвалююць магчымасці культурнага баўлення часу і мерапрыемствы спартыўнага характару. Таму на гутарку з юнакамі і дзяўчатамі арганізатары запрасілі начальніка аддзела культуры райвыканкама Галіну Караткову, дырэктара дзіцячай спартыўнай школы Вікенція Жданковіча і інструктара-метадыста РФСК “Дрывяціч” Віталя Віналя. Інтарэсы ж браслаўскай моладзі прадстаўлялі дэлегацыі вучняў з гімназіі і школ горада.
Распачаць гутарку вядучыя прапанавалі Галіне Каратковай. Яна каротка расказала пра структуру свайго аддзела, работу аб’яднанняў па інтарэсах, пералічыла найбольш цікавыя мерапрыемствы, запланаваныя на бліжэйшы час і запрасіла падлеткаў актыўна ўдзельнічаць у іх. У адказ пасыпаліся пытанні наконт рэканструкцыі кінатэатра і магчымасці яго абсталявання для прагляду 3D-фільмаў, забаўляльнай праграмы на час восеньскіх канікул, магчымасці ўдзелу ў міжнародных культурных праектах. Але найбольшую палеміку выклікала пытанне пра мэтазгоднасць існавання бібліятэк у іх сучасным выглядзе. Меркаванні разышліся кардынальна: адны выказвалі думку, што пры наяўнасці інтэрнэта можна прачытаць любы твор ці знайсці інфармацыю, не выходзячы з дому, другія ж акцэнтавалі ўвагу на тым, што сучасная публічная бібліятэка – інфармацыйны цэнтр з досыць шырокім колам паслуг, акрамя яе традыцыйных функцый. У выніку бакі прыйшлі да высновы, што пакуль школьнікі карыстаюцца звычайнымі друкаванымі падручнікамі, бібліятэкі маюць права на існаванне, да таго ж чытанне электроннага тэксту ніколі не прынясе такога задавальнення, як перагортванне звычайных папяровых старонак старой добрай кнігі.
Шмат пытанняў атрымалі і прадстаўнікі спартыўнай галіны. Нараканні ў браслаўскіх падлеткаў выклікае зачынены па вечарах стадыён і адсутнасць на ім спецыяльнага пакрыцця. Няблага было б мець і плавальны басейн, як у некаторых суседніх раённых цэнтрах. З заўвагамі службовыя асобы згадзіліся, але адзначылі, што загваздка, як заўжды, ў фінансаванні. Нягледзячы на недахоп сродкаў, на стадыёне пакладзена новае асфальтавае пакрыццё, плануецца абсталяванне комплекснай спартыўнай пляцоўкі. Па словах Вікенція Жданковіча, зачыняць спартыўную арэну у вячэрні час вымушаюць нядобрасумленныя браслаўчане, якія пакідаюць пасля сябе горы смецця і нават наносяць пашкоджанні абноўленым трыбунам.
Падымалася пытанне і пра вячэрняе баўленне часу. Няма куды пайсці, скардзіцца моладзь. Г. Караткова патлумачыла, што існуючае заканадаўства не дазваляе непаўналетнім знаходзіцца на начных дыскатэках. Толькі па рашэнні райвыканкама час ад часу аддзел культуры можа дапускаць на іх падлеткаў. Выйсце – школьныя вячэрнія мерапрыемствы.
Не хапае Браславу і паўнацэннага дзіцячага кафэ, дзе можна было б пасядзець з сябрамі за марожаным і “колай” і не назіраць, як за суседнім столікам дарослыя ўжываюць алкагольныя напіткі.
Па словах навучэнцаў гімназіі, якія, дарэчы, былі найбольш актыўнымі суразмоўцамі, існуюць праблемы і з паркавымі зонамі. У парку па вуліцы Булойчыка знаходзіцца няўтульна і нават боязна, а ў зоне адпачынку ля будынка Беларусбанка лавачак для ўсіх жадаючых недастаткова .
Падводзячы вынікі сустрэчы, запрошаныя прыйшлі да высновы, што, каб палепшыць якасць жыцця і адпачынку, трэба не проста чакаць перамен, але і праяўляць ініцыятыву, прычым масавую, прапаноўваць свае ідэі і дапамагаць іх ажыццяўляць. Як кажа вядомая мудрасць, стукайцеся – і вам адчыняць.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.