Выбары – сінонім свята

Власть и общество

Дажджлівая вераснёўская раніца 23 чысла ў дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь напачатку не надта садзейнічала актыўнасці выбаршчыкаў.

На выбарчы ўчастак №29, які размяшчаўся ў РДК, першымі завіталі некалькі пенсіянераў, а затым быў пэўны перапынак. Праўда, пазней, каб выканаць свой  канстытуцыйны абавязак і зрабіць выбар,  прыходзілі сем’ямі.

З усіх 1186 выбаршчыкаў, прыпісаных да гэтага ўчастка, 326 пажадалі прагаласаваць датэрмінова па самых розных прычынах. У дні датэрміновага галасавання, у асноўным з 10 да 14 гадзін, прыходзілі ў большасці сваёй пажылыя людзі, а вечарам тыя, хто працуе.

На выбарчым участку №29, дзе старшынёй камісіі працавала Галіна Мацеша,  амаль усе члены выбарчай камісіі – людзі вопытныя, ужо неаднойчы працавалі ў час такіх кампаній, таму і не было да іх ніякіх прэтэнзій з боку назіральнікаў. А ў якасці іх былі назіральнік ад СНД Сяргей Кавальчук, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. У суботу на ўчастак наведваліся і прадстаўнікі АБСЕ Найт Ховард з Вялікабрытаніі і Ларсен Петэр з Даніі.

На гэты выбарчы ўчастак, як і на многія іншыя, да гэтых парламенцкіх выбараў была набыта паўпразрыстая ўрна.

Дома пажадалі прагаласаваць 192 чалавекі. Да іх члены выбарчай камісіі выязджалі па заяўках у зручны час.

У дзень выбараў на ўчастку №29 прагаласавалі 328 браслаўчан. На гэтым жа ўчастку свой грамадзянскі абавязак выканаў і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў.

Усяго прагаласавалі 846 чалавек. За Мечыслава Морхата свае галасы аддалі 61% выбаршчыкаў, за Віктара Цярэшчанку – 25,3%, а за Юрыя Пячэніна – 2,7%.

У РДК працаваў буфет. Тыя, хто прыйшоў выканаць свой грамадзянскі абавязак, маглі купіць тарты, іншыя саладосці, паўфабрыкаты.

А ў тры гадзіны  артысты РДК ладзілі для выбаршчыкаў святочны канцэрт. Добрымі песнямі парадавалі гледачоў Марына Карач, Святлана Кажапенька, Наталля Няміра, Марына Шыркевіч, Улад Мацеша, Канстанцін Каралевіч.

Браслаўчане пакідалі РДК з прыўзнятым настроем.

Парламенцкія выбары сталі сапраўдным сінонімам свята.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *