1

У Браславе адзначылі Дзень пісьменства (фота)

Общество

Год кнігі крочыць па краіне. У Глыбокім прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства і друку. Вось і ў Браславе адбылося ўрачыстае свята, прымеркаванае да гэтай падзеі. Яшчэ да пачатку мерапрыемства адчувалася утульная атмасфера: гучалі цымбалы, чулася родная мова, працавалі кніжныя выставы, якія адлюстроўвалі гісторыю і сучаснасць беларускай літаратуры.
Адкрывала свята намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка. Яна адзначыла, што сёння дзяржава надае вялікае значэнне беларускай мове і літаратуры, паважае працаўнікоў слова, але і ўскладае на іх вялікую адказнасць. “Сёння, у век інфармацыйных тэхналогій, мы павінны шанаваць і падтрымліваць родную мову, каб не згубіць нашу багатую спадчыну”, — падкрэсліла І. Лысенка.
Намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты “Браслаўская звязда” Зінаіда Палулех у сваім выступленні паведаміла, што газета не адмаўляецца ад роднай мовы, як гэта зрабілі некаторыя іншыя выданні, падтрымлівае яе і ганарыцца гэтым. У многім дзякуючы таму рэдакцыя неаднаразова адзначалася як прапагандыст беларускай мовы ў друкаваных СМІ.
Галоўная дзеючая асоба мерапрыемства “Яе Вялікасць каралева Кніга” нагадала, што Браслаўшчына – калыска творчасці многіх вядомых у мастацтве людзей: Ягена Фёдарава, Уладзіміра Карызны, Паўла Пруднікава, Зінаіды Дудзюк і іншых. Не пакінула яна без увагі і маладых талентаў раёна: са сцэны вершы ўласнага сачынення прачыталі Вераніка Лесюк і Дзіяна Вялічка. Дарэчы, іх творы ўвайшлі ў кнігу “Мне эти строки на душу легли…”, якая не так даўно ўбачыла свет.
Вядомы купалаўскі персанаж Паўлінка разам з каралевай Кнігай узгадалі і вялікіх беларускіх пісьменнікаў мінулага Якуба Коласа і Янкі Купалы, 130-годдзе якіх мы адзначаем сёлета, і сучасных літаратараў. На сцэну запрасілі члена саюза пісьменнікаў Беларусі Міледзія Кукуця, нашых землякоў — пісьменнікаў Яўгена Расалая і Данііла Валчка. Яны чыталі гледачам свае вершы, урыўкі з паэм, дзяліліся ўражаннямі ад наведвання свята беларускага пісьменства ў Глыбокім. Шмат цёплых слоў адрасавалі гэтыя творчыя людзі Браслаўшчыне. Агульная іх думка наконт нашых мясцін гучыць прыкладна так: “Жыць на такой зямлі і не быць паэтам немагчыма…”

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.