У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрылася «армянская» выстава (фота)

Власть и общество

 У Музеі традыцыйнай культуры 19 верасня адкрылася незвычайная выстава, прысвечаная Ларыйскай вобласці, якая знаходзіцца на поўначы Рэспублікі Арменія. Ініцыятарам гэтай экспазіцыі стаў паўнамоцны прадстаўнік губернатара Ларыйскай вобласці, доктар этналогіі, прафесар Саак Антанасян, які, дзякуючы падтрымцы Браслаўскага выканаўчага камітэта і музейнага аб’яднання, размясціў вялікую колькасць фотаздымкаў, карцін, часопісаў і кніг па гісторыі і культуры армянскага краю.
На адкрыцці выставы прысутнічалі старшыня Браслаўскага райвыканкама Сяргей Шматаў і яго намеснік па сацыяльных пытаннях Іна Лысенка. У прыватнасці, ён зазначыў, што наладжаныя адносіны паміж браслаўчанамі і прадстаўнікамі з Ларыйскай вобласці, будуць спрыяць далейшаму культурнаму і сацыяльна-эканамічнаму супрацоўніцтву абедзвюх краін. У будучым плануецца, што Браслаў стане горадам-пабрацімам армянскага Сцепанавана.
На адкрыццё выставы нездарма запрасілі і вучняў браслаўскай гімназіі. Гэтая навучальная ўстанова даўно мае сувязі з краінамі Еўрасаюза, удзельнічае ў розных культурных і асветніцкіх праграмах. Прафесар Антанасян выказаў надзею на тое, што ўстановы адукацыі Ларыйскага рэгіёну на наступны год таксама пачнуць супрацоўнічаць з нашай гімназіяй.
Выстава будзе функцыянаваць у памяшканні Музея традыцыйнай культуры да 2 кастрычніка.

Галляш Сялява,
фота аўтара.