Інтэрв’ю з назіральнікам за выбарамі з Пскоўскай вобласці

Актуальное

На выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі ў нашай краіне 23 верасня, важная і адказная роля адводзілася назіральнікам. За легітымнасцю выбарчага працэсу сачылі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, міжнародных арганізацый. У Браслаўскім раёне працаваў назіральнік ад СНД, сакратар выбарчай камісіі Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі Сяргей Кавальчук. З ім і паразмаўляў карэспандэнт раённай газеты.

— Сяргей Уладзіміравіч, падзяліцеся, калі ласка, сваімі агульнымі ўражаннямі ад арганізацыі выбарчай кампаніі ў раёне.

—                           У рамках сваёй дзейнасці мне давялося пабыць на выбарчых участках як у горадзе, так і на сяле, у тым ліку і падчас датэрміновага галасавання. Выбарчая кампанія арганізавана якасна і выглядае вельмі дастойна. Асобна падкрэслю высокі ўзровень падрыхтоўкі камісій да выканання сваіх паўнамоцтваў: ім удалося забяспечыць усе правы выбаршчыкаў. Працэнт галасавання па-за межамі участка  (на даму аўт.) неістотны, але і там усё было арганізавана ў рамках Выбарчага кодэкса. Актыўнасць выбаршчыкаў дастаткова высокая. Выбары праходзілі спакойна, у адпаведнасці з законам. Як назіральнік ад СНД, канстатую:парушэнняў не выяўлена. Я наведаў 17 участкаў з 37, але, мяркую, на астатніх была такая ж сітуацыя.

 — Якія б вы адзначылі станоўчыя ці наадварот адмоўныя моманты падчас галасавання?

—                           Безумоўна, парадавала актыўнасць людзей, як на датэрміновым галасаванні, так і ў асноўны дзень. Спадабалася тая святочная атмасфера, якая панавала на ўчастках: кветкі, музыка, гандаль. Першым прагаласаваўшым нават уручылі шакаладкі, гэта вельмі ўразіла. Адмоўныя моманты назваць не магу, бо іх не было.

— Што б вы пажадалі арганізатарам выбарчых кампаній у будучым?

—                           Ні ў якім разе не зніжаць тую высокую планку, якой яны дасягнулі. Якасць такіх мерапрыемстваў трэба толькі паляпшаць, але строга ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам.

Я сам усё жыццё афіцыйна займаюся арганізацыяй выбараў і разумею ўсю адказнасць гэтай справы. Таму хачу падзякаваць мясцовай уладзе і членам выбарчых камісій за дастойна выкананую работу.

Дзякую за размову.

Вячаслаў Каладынскі