Зарацкая бібліятэка правяла тыдзень экалогіі

Актуальное

Адным з напрамкаў дзейнасці Зарацкай бібліятэкі з’яўляецца экалагічнае выхаванне. Нядаўна для дзяцей тут прайшоў тыдзень экалогіі.
Пачаўся ён з акцыі “Зялёны пакет”: бібліятэкар з маленькімі чытачамі збіралі смецце ўздоўж дарогі. Другі дзень прайшоў у гульні-падарожжы “У госці да Лесавічка”, якая прадугледжвала конкурсы, загадкі, красворды пра лес, яго раслінны і жывёльны свет. Акрамя таго, для юных чытачоў была праведзена віктарына “Разумнікі і разумніцы”. Па ўрыўках з твораў беларускіх і рускіх пісьменнікаў пра прыроду ўдзельнікам мерапрыемства трэба было здагадацца, пра якую з’яву прыроды ідзе размова. Потым дзеці адказвалі на пытанні конкурснай праграмы “Ягадная мазаіка”, удзельнічалі ў рухомых гульнях “Клён” і “Лесарубы”.
Завяршыўся тыдзень экалогіі экскурсіяй у лес, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі звярталі ўвагу на прыгажосць роднай прыроды, знаёміліся з ляснымі раслінамі. На прыпынку бібліятэкар расказала пра значэнне лесу для чалавека, выкарыстанне яго ў гаспадарцы краіны.
На працягу ўсяго часу ў бібліятэцы экспанаваліся кнігі пра прыроду, была аформлена экалагічная выстава “Лес – наш зялёны сябар”.

Соф’я Умпіровіч, бібліятэкар Зарацкай бібліятэкі.