У Браславе прайшла педагагічная канферэнцыя (фота)

Власть и общество

Пасля летніх канікулаў і напярэдадні новага навучальнага года настаўнікі раёна збіраюцца на свой традыцыйны форум – жнівеньскую педагагічную канферэнцыю. На ёй падводзяцца вынікі мінулага навучальнага года, вызначаюцца прыярытэтныя накірункі і задачы, што неабходна вырашыць у новым навучальным годзе, а настаўнікі дзеляцца напрацоўкамі і ідэямі.

Дарэчы, тэмай сёлетняй канферэнцыі стала “Рэгіянальная сістэма адукацыі: стан і перспектывы развіцця ва ўмовах дзеяння Кодэкса РБ аб адукацыі”. Вызначана яна невыпадкова, бо цэлы год школы рэспублікі працавалі згодна з новым Кодэксам РБ ад адукацыі, вывучалі і ўкаранялі асноўныя яго палажэнні. І зараз самы час падводзіць вынікі.
На іх і засяродзіў сваю ўвагу начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Іван Абаровіч. Першае, што ён зазначыў, што сістэма адукацыі ў раёне наладжана выдатна, развіваюцца дашкольныя ўстановы, у школах працуюць над тым, каб дзеці атрымлівалі веды не толькі на ўроках, але і падчас факультатываў, гурткоў, стымулюючых заняткаў.

За мінулы навучальны год у садках выхоўвалася 788 дзяцей, 4032 вучні атрымлівалі адукацыю ў школах. Для іх ствараюцца ўсе ўмовы: дзеці з аддаленых населеных пунктаў падвозяцца да школы, 99,4% вучняў ахоплены гарачым харчаваннем, працуюць гурткі і факультатывы. Так, у мінулым навучальным годзе працавалі 44 гурткі, якія наведваў 481 выхаванец, 92 % дзяцей ахоплены факультатыўнымі заняткамі. І гэта прыносіць станоўчыя вынікі. З 288 выпускнікоў 11 класаў 6 сталі медалістамі, у той час як у 2010-2011 навучальным годзе толькі 3. Павялічваецца колькасць паступіўшых у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Дзеці выдатна праяўляюць сябе не толькі на раённых алімпіядах, але і выходзяць на абласны і нават рэспубліканскі ўзровень, займаюцца даследчай дзейнасцю. І тут можна браць прыклад з гімназіі, СШ№1, Слабодкаўскай школы.
Адным словам, робіцца ўсё магчымае для таго, каб дзіцяці было цікава і прыемна вучыцца ў школе, каб вучань з ахвотай заходзіў кожны дзень у клас.

Пасля канферэнцыі маладыя спецыялісты падзяліліся сваімі спадзяваннямі на тое, што першы навучальны год будзе выдатным.
– Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, год вучылася ў магістратуры. Цяпер прыйшла на працу ў Відзаўскую школу. Буду педагогам- арганізатарам, – расказвае Настасся Грыцкевіч. – Родам з Браслаўшчыны, таму і вярнулася сюды працаваць. Пачатку навучальнага года чакаю з нецярпеннем, бо цікава, як атрымаецца працаваць самастойна: тым больш што гэта не зусім мая спецыяльнасць.
– Я ўжо амаль месяц працую ў школе, паспела пазнаёміцца з педагагічным калектывам, – гаворыць выпускніца педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Вераніка Апанчонак. – Мая мара збылася, я буду выкладаць гісторыю ў СШ №1. Галоўнае, каб нашы вучні з цікаўнасцю ішлі да нас на ўрокі. Хочацца даць дзецям не толькі неабходны запас ведаў па сваіх прадметах, але і перадаць свой жыццёвы вопыт, хоць ён яшчэ і невялікі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.