Ва Урбанах адкрылі новы пагранічны пост (фота)

Новости

У органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня адбылася значная падзея – афіцыйнае адкрыццё новага пагранічнага паста “Урбаны” Полацкага пагранатрада, які сумяшчаецца з аддзяленнем пагранічнага кантролю з аднайменнай назвай.
Будаўніцтва яго фінансавалася ў рамках Саюзнай дзяржавы і рэалізацыі канцэпцыі развіцця органаў пагранічнай службы РБ на 2008-2017 гг. З саюзнага бюджэту на гэтыя мэты было выдаткавана 16 млрд. руб.
На тэрыторыі пагранічнага паста ўзведзены адміністрацыйнае памяшканне, інтэрнат і кватэры для сямей ваеннаслужачых, боксы для службовай тэхнікі, кацельная на мясцовых відах паліва, 2 артэзіянскія шчыліны, станцыя ачысткі сцёкавых вод, пункт тэхнічнага абслугоўвання і рамонту тэхнікі, гадавальнік для службовых сабак — словам, уся неабходная для нармальнага функцыянавання інфраструктура.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта – начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Васіль Гарбаценка, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, начальнік Полацкага пагранатрада Аляксей Цікуноў, старшыня Браслаўскага райвыканкама Сяргей Шматаў, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады Міёрскага, Верхнядзвінскага, Пастаўскага раёнаў, Браслаўскага і Даўгаўпілскага мытных пастоў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, СМІ.
Напачатку госці пазнаёміліся з элементамі сучаснай экіпіроўкі пагранічнікаў, прыборамі радыяцыйнага кантролю, абсталяваным гарадком пагранічнай службы, агледзелі ўмовы, якія створаны ў адміністрацыйным памяшканні для паспяховага нясення службы і адпачынку.
Непасрэдна ж сама ўрачыстасць пачалася з віншавальных слоў і пажаданняў ад гасцей, традыцыйнага перарэзвання сімвалічнай чырвонай стужкі.
Аднак у такім складзе прадстаўнікі пагранслужбы і мясцовай улады сабраліся не толькі дзеля ўрачыстасці, а і для таго, каб абмеркаваць некаторыя надзённыя праблемы, што ў апошні час узнікаюць на дзяржаўнай граніцы.
На каардынацыйнай нарадзе размова ішла пра асноўныя накірункі рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на тэрыторыі Віцебскай вобласці, былі падведзены вынікі аператыўна-службовай дзейнасці органаў пагранслужбы за першае паўгоддзе 2012 г.
На рахунку пагранічнікаў нямала поспехаў, фактаў затрымання парушальнікаў дзяржаўнай мяжы, пагранічнага кантролю. Аднак, напэўна, на сённяшні дзень найбольш балючым пытаннем з’яўляюцца вялізныя чэргі вялікагрузных аўтамабіляў на выездзе з нашай рэспублікі ва Урбанах. У выхадныя яны даходзяць да 12 км, а за суткі прапускаюць не больш за 320 “фур”. На ўсіх узроўнях добра разумеюць, якая ідзе нагрузка на кантралёраў пагранпаста, якія праблемы ўзнікаюць з-за доўгага стаяння ў чарзе. Але пакуль пагранпункт “Грыгароўшчына” будзе закрыты на рэканструкцыю, пазбавіцца ад гэтых праблем проста нерэальна. Праўда, як сказаў Сяргей Шматаў, ёсць спадзяванне, што ўжо ў наступным годзе ў Рубяжы з’явіцца аб’ект прыдарожнага сэрвісу са стаянкай, гасцініцай, кафэ, дзе дальнабойшчыкі змогуць адпачыць і падсілкавацца.
Абмяркоўваліся таксама пытанні ўзаемадзеяння пагранічнікаў з мясцовым насельніцтвам, пераводу пункта спрошчанага пропуску “Відзы” ў міжнародны, далейшай рэканструкцыі пагранпастоў і фінансавання гэтых работ, удасканалення працэдуры спрошанага перасячэння граніцы для жыхароў памежных тэрыторый. Дарэчы, з пачатку дзеяння такога парадку з латышскага боку дазволы атрымалі больш за 10 тысяч чалавек, з беларускага – 1795, скарысталі ж за паўгода такую магчымасць усяго 158 нашых землякоў.
Падводзячы вынікі сустрэчы, намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч яшчэ раз акцэнтаваў увагу ваеннаслужачых пагранслужбы ў першую чаргу на выкананні сваіх непасрэдных абавязкаў па абароне дзяржаўнай граніцы, а таксама заўважыў, што ні ў якім разе нельга ўпускаць з поля зроку пытанні добраўпарадкавання пагранпастоў і навядзення парадку ўздоўж дарог міжнароднага значэння, тым больш на Браслаўшчыне, якая з’яўляецца ўязнымі варотамі ў Віцебскую вобласць з боку Еўрасаюза, і па тым, як гэтыя вароты выглядаюць, складваецца імідж нашай дзяржавы ўвогуле.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.