Пад Браславам згубіўся і знайшоўся хлопчык

Человек и закон

Раніца 24 ліпеня ў адной сям’і з Браслаўшчыны пачыналася, як звычайна. Праўда, у жанчыны быў выхадны, таму разам з мужам і трохгадовым сынам яны вырашылі наведаць бацькоў у вёсцы Каменка.
Мужчыны пайшлі цепліць лазню, а маці і бабуля з хлопчыкам падаліся ў хмызняк па грыбы. Каб не цягнуць у зараснікі Віталіка, пакінулі яго чакаць на ўзгорку. Вярнуліся хутка, але хлопчыка на месцы не было. Жанчыны спачатку не запанікавалі. Вырашылі, што калі некуды і адышоў, то недалёка. Кінуліся шукаць. Калі ж самастойныя пошукі не прынеслі ніякага выніку, звярнуліся па дапамогу да знаёмых, мясцовых жыхароў. Хлопчыка не знайшлі. Тады патэлефанавалі ў міліцыю.
Брыгада супрацоўнікаў РАУС на выклік адрэагавала аператыўна. Апыталі бацькоў, сведкаў, “прачасалі” наваколле. І зноў ніякіх вынікаў. Кіраўніцтва РАУС паклікала на падмогу супрацоўнікаў РАНС, нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”, пагранічнікаў, міліцыянераў з Шаркаўшчыны. Увогуле трохгадовага Віталіка шукалі больш за 100 чалавек і два службовыя сабакі.
Не застаўся раўнадушным да гэтай надзвычайнай сітуацыі і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён прыехаў у Каменку, супакойваў, як мог бацькоў, раіў не губляць надзеі на лепшае.
Пошукі доўжыліся больш за пяць гадзін. Знайшлі ж малога ў малінніку ў 1,5 км ад таго месца, дзе яго пакінулі жанчыны.
Бацькі не маглі схаваць слёз радасці і дзякавалі ўсім, хто прымаў удзел у пошуку Віталіка.

Зінаіда Палулех.