Дзень Нептуна ў Браславе (фотарэпартаж)

Новости

Па традыцыі ў Браславе Нептун кожны год збірае сваіх гасцей на беразе возера Дрывяты. Вось і ў мінулую нядзелю на гарадскім пляжы было шумна.
На жаль, пра мерапрыемства давялося пачуць як станоўчыя, так і адмоўныя водгукі. Запланаваныя на чатыры гадзіны апоўдні “Вясёлыя старты” і “Забег басанож” не адбыліся, таму людзям давялося доўга чакаць тэатралізаванага прадстаўлення “Хвалі ліпеня”.
Але гэта, спадзяюся, не сапсавала агульнага добрага настрою. Правесці час можна было за столікам імправізаванага кафэ, паспрабаваць шашлыкі, саладосці і іншыя прысмакі. Спякотнае ж надвор’е дазваляла пазагараць, пакупацца ці пракаціцца на катамаране.
Тым часам каманды гімназіі, СШ №1 і Друйскага дзіцячага дома ўдзельнічалі ў конкурсе “Скульптура з пяску”, і тут фантазіі дзяцей не было межаў. Да школьнікаў далучыліся і жыхары Браслава, госці горада. І ўжо праз гадзіну на пляжы “адпачывала русалка”, “плаваў дэльфін”, размясціліся іншыя героі. У выніку, лепшай фігурай была прызнана вялікая залатая рыбка, якую вылепілі вучні СШ №1.
Работнікі раённага Дома культуры падрыхтавалі цікавае тэатралізаванае прадстаўленне “Хвалі ліпеня”. У чаканні галоўнай дзеючай асобы, уладара Браслаўскіх азёр Нептуна, гасцей свята забаўлялі прыгажуні-русалкі, медуза, яго непаслухмяная і вясёлая дачка Царэўна-Марэўна. Нарэшце павітаць прысутных з возера выйшаў і галоўны герой свята Нептун. У яго конкурсах і гульнях, дзе трэба было паказаць спрытнасць, хуткасць і сілу, з задавальненнем удзельнічалі і дарослыя, і дзеці. Шмат жадаючых сабралася і каля “Цуда-калодзежа”, кожны мог праверыць сваё шанцаванне і “злавіць” невялікі падарунак.
А кульмінацыяй свята, як і патрабуе традыцыя, стала воднае абліванне – усіх, каго нагрэла ліпеньскае сонца, намачылі героі тэатралізаванага прадстаўлення. Нептун жа паабяцаў вярнуцца праз год і праверыць, як выконваюць яго наказы браслаўчане.
А людзі яшчэ доўга не пакідалі пляж, фатаграфаваліся каля пясчаных скульптур і проста адпачывалі. На сцэне ў гэты час выступалі гітарысты з Мінска і спявалі салісты РДК, вечарам моладзь чакалі на начной дыскатэцы.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.