Нашы землякі: маладая настаўніца Юля Пяткун

Люди

 Творчая і актыўная ва ўсіх справах дзяўчына, менавіта так характарызуюць яе калегі і кіраўніцтва школы. Свой шлях і прафесію яна выбрала не выпадкова, з дзяцінства марыла стаць педагогам, прыклад брала са сваіх настаўнікаў. Таму мэтанакіравана ішла да мары, хоць і адгаворвалі яе, казалі, што справа гэта складаная. Але Юля нікога не слухала і бачыла сябе толькі ў ролі педагога, ды і спецыяльнасць выбрала не самую лёгкую –англійская мова. Пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя Машэрава ёй прапанавалі вярнуцца ў родны Браслаў, і Юля адразу згадзілася, вабілі родныя мясціны.

Вось ужо 4 гады, 3 з якіх у роднай школе, працуе яна па спецыяльнасці і ні разу не пашкадавала, што выбрала менавіта гэты шлях. І па-ранейшаму маладому педагогу падабаецца школьны шум і гам, вочы дзяцей, якія з цікавасцю чакаюць, што новага раскажа іх педагог.

Юля з удзячнасцю адгукаецца пра свой калектыў, які дапамог ёй зрабіць першыя крокі ў прафесію, падтрымаў пачынаючага педагога. На ўроках яна не проста выкладае свой прадмет, а дазваляе кожнаму школьніку выказаць сваё меркаванне, прывівае ім навыкі самастойнай працы, вучыць паважаць чужую культуру, не забываючы пра сваю. На заняткі да маленькіх вучняў прыходзіць з распрацаванымі гульнявымі тэхналогіямі, карцінкамі, каб ім было цікава вучыць такі складаны прадмет. А з твару Юлі ніколі не зыходзіць прыгожая ўсмешка, магчыма, таму яе так любяць дзеці.

Без справы дзяўчына сядзець не любіць. Займаецца самаадукацыяй, актыўна ўдзельнічае ў жыцці школы. Так, яна дапамагала ствараць прадметна-развіваючую базу кабінета англійскай мовы, які на раённым конкурсе заняў 2 месца. Кіраўніцтва школы прапанавала маладой, але вопытнай настаўніцы паўдзельнічаць у раённым конкурсе “Настаўнік года 2011”, дзе яна атрымала прыз глядацкіх сімпатый, а дзіцячага журы – за лепшы ўрок.
Як класны кіраўнік, малады педагог стараецца прывіць сваім выхаванцам неабходныя якасці, удзельнічае з імі ў раённых і абласных конкурсах, адкуль яны вяртаюцца з прызамі. І зараз мараць разам паўдзельнічаць у міжнародных інтэрнэт-праектах.

Ды і сама дзяўчына займае актыўную жыццёвую пазіцыю, яна член БРСМ, савета школы, выступала ў ролі назіральніка на выбарах. Яе заслугі па праву ацэнены: дзяўчына прызнана пераможніцай раённага спаборніцтва за 2011 год сярод маладых спецыялістаў арганізацый сацыяльнай сферы і сферы гандлю.

Не любіць сядзець без справы і ў вольны час, сярод многіх яе хобі – вандроўкі. Дзяўчына аб’ехала ўсю Беларусь, пабывала ва Украіне, у Літве, Латвіі, а нядаўна разам з вучнямі школы яна вярнулася з арганізаванай школай паездкі ў Балгарыю.
Не дарэмна кажуць, дзе нарадзіўся – там і спатрэбіўся. У школе яна адна з лепшых, яе паважаюць калегі і любяць вучні. У родным горадзе сустрэла Юля сваё каханне і набыла сям’ю. А што яшчэ трэба для шчасця.

Таццяна Пятушка.