Браслаўчане пабывалі на «Славянскім базары» (фота)

Новости

 Свой каларыт у агульную карціну міжнароднага песеннага фестывалю ў Віцебску штогод уносяць і браслаўчане. Вось і сёлета яны сталі адным са шматлікіх яркіх мазкоў агульнай палітры святочных мерапрыемстваў. “Браслаўскае падвор’е”, якое раскінулася на пагорку непадалёку ад набярэжнай Дзвіны, гасцінна прымала шматлікіх віцябчан і іх гасцей. Тут яны маглі адпачыць у перапынках паміж канцэртамі, вандроўкамі па выставах майстроў і мастакоў, проста знаёмства з горадам.

На падвор’і можна было не толькі паесці ці штосьці купіць з прадуктаў. Асобнае месца было адведзена выставе клуба “Ля возера”, дзе ў гэты час метадыст музея традыцыйнай культуры Аня Нікіфарава, расказвала пра дзейнасць браслаўскага аматарскага аб’яднання майстроў і мастакоў, дэманстравала іх работы. Тут жа бібліёграф цэнтральнай бібліятэкі Рада Мурашка распаўсюджвала буклеты пра Браслаўшчыну і яе знакамітых людзей, выдадзеныя ў раённай ЦБС. А культурную праграму забяспечвалі самадзейныя артысты з Ахрэмавецкага цэнтра нацыянальнай культуры, Мількаўскага, Пагашчанскага, Іказненскага ДК.

Тамара Пашкевіч.