У Дрысвятах адсвяткавалі 105-гадовы юбілей Петрапаўлаўскай царквы (фота)

Новости

Як вечны Бог, так і не падуладны часу маякі вечнасці – храмы. 12 ліпеня ў дзень ушанавання святых апосталаў Пятра і Паўла 105-гадовы юбілей святкавала і дрысвяцкая Петрапаўлаўская царква.
Штрыхі з гісторыі дрысвяцкай Петрапаўлаўскай царквы


Гісторыя Дрысвяцкай Петрапаўлаўскай царквы бярэ свой пачатак у далёкім 1907 годзе. Храм быў узведзены на сродкі нямецкіх баронаў, якія да таго ж падарылі прыходу некалькі дзесяцін зямлі. На ёй пабудавалі цагельны завод, і з цэглы, вырабленай тут, узводзілі царкву па праекце вядомага губернскага архітэктара А. Шпакоўскага.
На адкрыцці храма прысутнічала шмат паважаных гасцей, сярод іх быў і вядомы доктар Станіслаў Нарбут.
Гэты помнік архітэктуры пабудаваны ў руска-візантыйскім стылі з пяццю купаламі і прыгожай званіцай.
У гады Вялікай Айчыннай вайны царква была не надта пашкоджана, праўда, усё ж два снарады трапілі ў яе сцены. Пэўны час тут размяшчаўся нямецкі лазарэт.
У 1942 г. забілі свяшчэнніка А. Серпава. А ўжо з 1943 г. у Дрысвятах пачаў служыць Генадзь Латышонак.
Як расказвала пры сустрэчы яго дачка Тамара Пяткевіч (Латышонак), жывая сведка тых далёкіх часоў і да гэтага часу верная прыхаджанка, прыход быў вельмі дружны. На богаслужэнні збіралася шмат вернікаў, асабліва ў святы.
Генадзь Латышонак служыў Богу ў прыходзе 22 гады. Пасля яго смерці храм зачынілі. Тагачасны саўгас “Авангард” памяшканне выкарыстоўваў пад склад. Перыяд перабудовы даў магчымасць вярнуць храм вернікам. Пасля яго аднаўлення першае богаслужэнне ў 1990 г. правёў браслаўскі благачынны Якаў Каляда. Пасля яго было шмат свяшчэннікаў, а цяпер тут служыць настаяцель храма Пакрова в. Богіна іерэй Ігар Чачуковіч. Менавіта з яго прыходам у Дрысвяты жыццё ў царкве зноў ажыло. І пацвярджэнне таму арганізаваная ўрачыстасць, што адбылася ў храме 12 ліпеня, у дзень, калі праваслаўныя вернікі ўшаноўваюць памяць першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, менавіта ў імя іх была асвечана пры адкрыцці дрысвяцкая царква.

У Петрапаўлаўскай царкве ўпершыню пасля 1966 г. прайшло ўсяночнае дбанне. Айцец Ігар правёў таксама абрад хрышчэння 2 нованароджаных і 2 падлеткаў у адкрытым вадаёме.
А з раніцы 12 ліпеня айцец Ігар асвяціў ваду, а затым адслужыў Боскую літургію.
Радасць свята і ўрачыстасці з праваслаўнымі вернікамі падзяляў у гэты дзень і ксёндз дрысвяцкага Петрапаўлаўскага касцёла Чэслаў. На літургіі прысутнічалі таксама шматлікія госці, у ліку якіх была і настаяцельніца Свята-Панцеляймонаўскага манастыра матушка Людміла, праваслаўныя вернікі суседніх вёсак і нават раёнаў, прадстаўнікі мясцовай улады, арганізацый і прадпрыемстваў.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.