У Браславе прайшоў кірмаш народных рамёстваў

Новости

Яшчэ здалёк на падыходзе да музея традыцыйнай культуры ў мінулую нядзелю чулася добрая нацыянальная музыка. Ігралі гармонік, цымбалы, гуслі, дуда.
А на пляцоўцы вакол музея ў гэты дзень ладзіўся кірмаш рамёстваў, першы ў гэтым летнім сезоне.
Летась супрацоўнікі музея і майстры клуба “Ля возера”, які ўзначальвае Наталля Парахневіч, правялі тры падобныя мерапрыемствы, на якіх не толькі мелі магчымасць паказаць сваё майстэрства, але і прадаць зробленыя ўласнымі рукамі сувеніры, правесці майстар-класы па традыцыйных рамёствах.
У ліпені гэтага года плануецца, што пройдуць таксама два, а то і тры кірмашы, і яшчэ адзін напачатку жніўня падчас правядзення свята “Меч Брачыслава” на Замкавай гары.
Першы сёлетні кірмаш здзівіў, шчыра кажучы, многімі неардынарнымі момантамі.
Упершыню паўдзельнічаць у ім запрасілі Яўгена Навічонка, які займаецца бортніцтвам у трэцім пакаленні. Пчалярства стала не толькі захапленнем для душы, а і добрым падспор’ем у папаўненні сямейнага бюджэту ў дзядулі і бацькі Яўгена.
Сам малады мужчына прыкіпеў да гэтай справы душой яшчэ ў школьныя гады. Праўда, некалі ў музеі традыцыйнай культуры вучыўся лозапляценню, а цяпер на кірмашы прафесіянальна расказваў пакупнікам мёду пра сакрэты пчалярства.
Дэбютавала на свяце са сваімі вельмі арыгінальнымі лялькамі для захоўвання поліэтыленавых пакетаў Людміла Еўдакімава. Падгледжаную ў інтэрнэце ідэю (і яна гэтага не скрывала) аздобіла сваім майстэрствам і фантазіяй.
Нікога з наведвальнікаў не пакінулі раўнадушнымі кошыкі з лучыны вядомага майстра з вёскі Данькі Часлава Юрана, плеценыя з лазы вырабы для інтэр’ера дома і дачы Уладзіміра Лук’янца, тканыя палавікі Ірыны Высоцкай, Святланы Наўмёнак, Ганны Нікіфаравай. А якія цудоўныя шляпы з саломкі і кветак, іншыя сувеніры з гэтага матэрыялу прапаноўвала Марыя Шлабун!
Немагчыма было не захапіцца майстэрствам Наталлі Парахневіч, якая прадставіла габелены і ласкутнае шыццё.
Свае вырабы, у асноўным падзелкі і эскізы храмаў і замкаў Браслаўшчыны з палімернай гліны і каменю, дэманстраваў і прадаваў Андрэй Гурынаў.
Як звычайна, людзі тоўпіліся і куплялі сувеніры з бісеру ў майстрыхі з пагошчы Антаніны Жураўлёвай.
Пералічыць усіх майстроў, што ўдзельнічалі ў кірмашы, проста немагчыма. Іх прозвішчы, думаю, назавём у наступных публікацыях.
Яшчэ адной адметнасцю першага ў гэтым годзе кірмашу рамёстваў стала адкрыццё выстаўкі мастакоў “Браслаўская палітра”. На ёй наведвальнікі маглі пазнаёміцца з карцінамі Цеафана Баркоўскага, Аліны Трукан, Марыны Фёдаравай, Сяргея Сурыновіча, віцябчанкі Таццяны Завідзеевай, жыхаркі г. Даўгаўпілса Галіны Жалабоўскай.
Браслаўчан, скажу шчыра, на кірмашы было няшмат. А вось турысты, якія прыехалі да нас на адпачынак, па іх прызнанні, атрымалі сапраўднае задавальненне ад убачанага, ад цудоўных вырабаў мясцовых майстроў, многія з якіх набылі на памяць, ад гасціннасці і добразычлівасці браслаўчан.
9 ліпеня многія з майстроў клуба “Ля возера” ўжо адправіліся ў Віцебск рыхтавацца да “Славянскага базару”. Хочацца спадзявацца, што і там іх сувеніры будуць запатрабаваны.
Тэкст і фота Зінаіды Палулех.