Браслаўчане паўдзельнічалі ў абласным турзлёце

Новости

Турыстычную эстафету школьнікаў пераняла моладзь. Толькі нядаўна скончыўся раённы этап, і вось ужо спартыўная і актыўная моладзь пакарае новыя вышыні ў вобласці.
З 29 чэрвеня па 1 ліпеня ў адным з самых маляўнічых месц Расонскага раёна прайшоў абласны турыстычны злёт моладзі. У гэтым годзе ён стаў юбілейным, у дзясяты раз у ім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці – усяго 21 каманда. У іх ліку была і зборная Браслаўшчыны, у якую ўвайшлі 17 лепшых спартсменаў, самадзейных артыстаў і ініцыятыўная моладзь арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Тры дні злёту былі насычаны рознымі спартыўнымі спаборніцтвамі, культурнымі мерапрыемствамі і новымі сустрэчамі. Так, у першы дзень камандам прапанавалі спачатку пазнаёміцца з горадам, паўдзельнічаць у мітынгу-рэквіеме на мемарыяльным комплексе ў г.п. Расоны. А потым турысты накіраваліся да месца правядзення злёту, каб размясціцца і падрыхтавацца да першага выпрабавання – спаборніцтва па тэхніцы веласіпеднага турызму. Тут наша каманда хоць і праявіла ўсе свае здольнасці, але стала толькі восьмай. І ўсё ж першая няўдача не сапсавала добрага настрою і надзеі на перамогу.
Другі дзень стаў больш паспяховым для браслаўчан. У спаборніцтвах па тэхніцы горна-пешаходнага турызму наша каманда стала пятай, добра праявілі сябе і ў віктарыне “Віцебшчына спартыўная”, эстафеце з арыентаваннем у зададзеным накірунку. І завяршыўся дзень выдатна. Вечарам у конкурсе мастацкай самадзейнасці на імправізаванай пляцоўцы хлопцы і дзяўчаты з нашай каманды прадэманстравалі сапраўдны артыстызм, гумар, музычныя здольнасці і сталі першымі.
Складанай была раніца наступнага, апошняга дня спаборніцтваў, якая заклікала маладых людзей сабрацца з сіламі, каб паспяхова прайсці турысцкі трыятлон. Наша каманда дастойна праявіла сябе і стала другой, першае месца дасталося браслаўчанам за конкурс турысцкага быту.
Зборная нашага раёна заняла 5-е агульнакаманднае месца з 21. Як прызналіся самі ўдзельнікі, для іх гэта добры вынік, бо ў мінулым годзе былі толькі дзявятымі. Усе прадстаўнікі каманды добра падрыхтаваныя, не раз прымалі ўдзел у падобных спаборніцтвах. Шэраг раённых устаноў і прадпрыемстваў дапамаглі са спартыўным рыштункам, неабходнымі рэчамі і прадуктамі, за што каманда ім вельмі ўдзячна. Магчыма таму і паказала высокі рэзультат.
– Было складана! – дзеліцца ўражаннямі дырэктар РФСК “Дрывяціч” Кацярына Папкова. – Для таго, каб прайсці ўсе этапы, патрэбна трываласць. Напрыклад, неабходна было на веласіпедзе ехаць па крутой гары, пераадольваць дыстанцыю на байдарках. Нягледзячы на гэта, у нас яшчэ заставаліся сілы, каб весяліцца на вечарах адпачынку.
Тры дні праляцелі як адно імгненне, пакінуўшы добрыя ўражанні, новыя знаёмствы. А ў наступным годзе браслаўчане пабяцалі паказаць яшчэ лепшы вынік.

Таццяна Пятушка.
НА ЗДЫМКУ: прадстаўнікі каманды Браслаўскага раёна.