Як доўга будуць рэканструіраваць дом-інтэрнат? (фотарэпартаж)

Новости

У Браславе з 1 красавіка 2012 г. пачалася рэканструкцыя аднаго з корпусаў у доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Пабудаваны ў 1959 годзе, ён за час свайго існавання прыйшоў у заняпад. І вось на яго пераабсталяванне з абласнога бюджэту выдзелена 3,5 млрд. рублёў, з якіх паступіла ўжо чвэрць мільярда. Капітальны рамонт плануецца завяршыць 1 кастрычніка 2012 года.

45 чалавек, што жылі ў старым корпусе, часова пераселены ў другі, які таксама плануецца адрамантаваць.

Падчас рэканструкцыі корпуса падвядуць ваду, заменяць дах, падлогу і дзверы, паставяць шклопакеты, уцепляць сцены.

Разам з дырэктарам дома-інтэрната Сяргеем Аліхверам мы прайшліся па другім корпусе, у якім цяпер жывуць крыху больш за сто чалавек. Там таксама зараз вядуцца работы па пераабсталяванні сталовай, і замена мэблі. Старыя людзі на ўмовы не скардзіліся, месца ўсім хапае, харчаванне добрае.

Будзем спадзявацца, што фінансаванне не зацягнецца, як у выпадку з аўтастанцыяй, і рэканструкцыя будзе скончана паводле планаў.

Галляш Сілява,

фота аўтара.