Пад Браславам адбыўся другі злёт гаспадароў сядзіб Віцебшчыны (фота)

Новости

Другі злёт гаспадароў сядзіб Віцебшчыны праходзіў на браслаўскай аграсядзібе “Петухоўшчына” (гаспадыня К. Кордыш). На яго з’ехаліся больш за 60 чалавек не толькі з розных куточкаў Прыдзвіння, а і з іншых рэніёнаў Беларусі, у прыватнасці, Мінскай, Гродзенскай, Гомельскай абласцей.
Арганізатарамі яго выступілі беларускае ГА “Адпачынак на вёсцы”, інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Новая Еўразія”, грамадскі савет па развіцці аграэкатурызму Віцебскай вобласці, праграма падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі.
Праграма мерапрыемства была вельмі насычанай і цікавай. Па-першае, госці размясціліся на аграсядзібах Браслаўшчыны і мелі магчымасць пазнаёміцца з цудоўнымі мясцінамі нашага краю і ўмовамі адпачынку. Па-другое, удзельнікі злёту прэзентавалі свае сядзібы. . І па-трэцяе, пакуль яшчэ не пачаўся масавы заезд турыстаў, змаглі абмяняцца вопытам работы ў сельскім турызме.
Цяпер у агратурбізнесе становіцца вельмі папулярнай кластэрная мадэль яго развіцця. Гэта ў тым сэнсе, калі гаспадары суседніх раёнаў, а іншы раз і аднаго, становяцца не канкурэнтамі, а партнёрамі.
Першапраходцамі ў нашай вобласці ў гэтым накірунку сталі Расоншчына, Міёршчына і Браслаўшчына. І яны на практыцы ўжо змаглі ўпэўніцца, што гэта выгадна і перспектыўна. У сваіх прэзентацыях гаспадары сядзіб даказалі калегам станоўчыя бакі сумеснай дзейнасці.
У рамках злёту былі арганізаваны выставы-продажы вырабаў з ільну, якімі зноў жа парадавалі вытворцы з Віцебска ПГУП “Міласлава”. Можна было набыць рэчы і ўпрыгажэнні з валянай воўны, саджанцы, пасмакаваць мёд розных сартоў, смачныя стравы і кулінарныя вырабы ўласнага прыгатавання. Па ўсіх гэтых накірунках працавалі і майстар-класы.
Варта зазначыць, што многія гаспадары аграсядзіб шукалі не адзін год свой адметны накірунак у гэтай сферы бізнесу. Адны рабілі стаўку на сямейны, дзіцячы адпачынак, безумоўна, рыбалку, экалагічна чыстыя прадукты харчавання, водныя маршруты, паломніцтва, нацыянальныя традыцыі, прапаганду здаровага ладу жыцця і г.д. Таму сядзібы Прыдзвіння былі і застаюцца прыцягальнымі не толькі для беларускіх, а і для шматлікіх замежных турыстаў.
Мне пашанцавала пагутарыць з удзельнікамі і арганізатарамі злёту.
Ала Корань, Расонскі раён, гаспадыня аграсядзібы “Корань”:
— Разам з маім земляком Аляксандрам Кролам мы ў 2003 годзе пачыналі гэты бізнес на Расоншчыне. Перавагу на сённяшні момант аддаём сямейнаму адпачынку і экалагічнаму турызму. Першы злёт праходзіў у нашых мясцінах. Мы па-добраму зайздросцім браслаўчанам, што ў іх агратурызм набыў такі шырокі размах, у нас пакуль толькі 20 аграсядзіб.
На мой погляд, нам ужо пара працаваць кластэрамі не толькі са сваімі суседзямі, а выходзіць на міжнародны ўзровень.
Зусім нядаўна мне пашчасціла пабыць на семінары “Жаночае прадпрымальніцтва” ў Ізраілі. Там выхадцы з былога Савецкага Саюза вельмі зацікаўлены такім відам бізнесу, як аграэкатурызм.
Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення БГА “Адпачынак на вёсцы”:
— Практыка правядзення злётаў гаспадароў сядзіб сёння існуе толькі на Віцебшчыне. І гэта не дзіўна, бо рэгіён лідзіруе ў развіцці агратурызму, а Браслаўшчыне ўвогуле няма роўных. Сам Бог вашаму краю дараваў умовы для такога бізнесу. Аднак зазначу, што цяпер, напрыклад, для замежнага прыдзірлівага турыста мы павінны недахоп нашых паслуг, недастаткова развітую інфраструктуру кампенсаваць сваёй беларускай душэўнасцю і гасціннасцю.
Алег Краўчук, старшыня грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму Віцебскай вобласці:
—Першы злёт, які правялі летась на Расоншчыне, быў своеасаблівым эксперыментам. Менавіта там пачалі зараджацца сувязі паміж гаспадарамі сядзіб. За год мы ўзняліся на прыступку вышэй, і сёння многія прапануюць адпачываючым сапраўды якасны турыстычны прадукт, які становіцца ўсё больш запатрабаваным. А такія злёты ў будучым будзем праводзіць на міжрэгіянальным узроўні. Спадзяюся, што і карысць ад іх будзе больш значнай.
У рамках мерапрыемства прайшлі круглыя сталы, тэматычныя семінары, летнік рамёстваў, разнастайныя выставы-кірмашы. Усе яны пакінулі ва ўдзельнікаў злёту незабыўныя ўспаміны і прыемныя ўражанні.
Думаю, нікога не пакінула раўнадушнай і “Вясковая вечарынка” з песнямі і танцамі з удзелам этнаграфічнага гурта з Лепельшчыны “Кругаверць”.
Як падкрэсліла ў сваім прывітальным слове ўдзельнікам злёту намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, вельмі пажадана, каб той, хто прыехаў на Браслаўшчыну ўпершыню, вяртаўся сюды зноў і зноў. А гаспадары сядзіб у стане сустрэць усіх гасцей вельмі годна.
Думаецца, што так яно і будзе, бо ІІ злёт гаспадароў аграсядзіб Віцебшчыны падарыў усім яго ўдзельнікам новыя ідэі, праекты, сяброў, з якімі не захочацца развітвацца. Усе яны павезлі з сабой успаміны не толькі пра цікавыя мерапрыемствы злёту, а і гасціннасць гаспадароў з “Петухоўшчыны” і ўсёй Браслаўшчыны.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.