Прафесійныя аўтагоншчыкі зноў пабывалі ў Браславе (фота)

Главное

Два дні жыхары нашага раёна маглі любавацца захапляльным відовішчам – аўтагонкамі: 18 і 19 мая ў нас прайшлі штогадовыя міжнародныя спаборніцтвы па ралі “Славянскі кубак” з удзелам мацнейшых аўтагоншчыкаў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Латвіі. У рамках іх праводзіліся першы этап адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па ралі і трэці этап чэмпіянату Расійскай Федэрацыі.
Арганізатарамі спаборніцтваў былі АТ “Беларуская аўтамабільная федэрацыя”, індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Зайцаў, цэнтральны савет і абласная структура ДТСААФ, а таксама Браслаўскі райвыканкам.
У ралі прыняў удзел 41 экіпаж. Агульная працягласць маршрута гонкі склала 412 кіламетраў, з якіх 121 км – хуткасныя спецучасткі.
Маршрут прайшоў праз Купчэлі, Мікалаюнцы, Станкавічы, Баруны і Шамялі.
У пятніцу, 18 мая, у Леснічоўцы адбылося ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў. Удзельнікаў ралі віталі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, галоўны суддзя спаборніцтваў і кіраўнік гонкі з Расіі Аляксей Яршоў, намеснік старшыні рэспубліканскай арганізацыі ДТСААФ Пётр Лебедзеў. Усе яны пажадалі гоншчыкам высокіх скарасцей і без аварый. І ралі стартавала.
Спаборніцтвы “Славянскі кубак”, як і заўсёды, абышліся без сур’ёзных інцыдэнтаў дзякуючы скрупулёзнай рабоце арганізатараў. Але без паломак і аварый, як гэта бывае на спаборніцтвах такога ўзроўню, не абышлося. Так, раптоўна загарэўся аўтамабіль расійскага экіпажа Андрэяў Смірнова і Галькевіча, якія, на шчасце, не пацярпелі, але іх машына практычна цалкам згарэла. У другі дзень гонкі расійская спартсменка Алена Байкова перакулілася на аўтамабілі “Subaru Impreza”. З дапамогай балельшчыкаў яго паставілі на колы, і жанчына прадоўжыла гонку. Тым не менш на нашых складаных трасах да фінішу дайшлі не ўсе. З 41 стартаваўшага экіпажа фінішавалі толькі 29.
Вечарам 19 мая адбылося закрыццё аўтагонак. У 1-ым этапе чэмпіянату Беларусі пераможцамі сталі: у заліку Б10 Андрэй Цыганкоў і Дзмітрый Буры на “Volkswagen Polo”, у заліку Б11 Дзмітрый Радзівіл і Аляксандр Навінскі на “Ford Fiesta”, у заліку Б12 Андрэй Галабародзька і Гедэмінас Саўдаргас на “Subaru Impreza”.
На ўрачыстае закрыццё ралі яго арганізатары прывезлі ў Браслаў даволі знакамітых артыстаў нашай рэспублікі, якія парадавалі гледачоў песнямі, танцамі, фокусамі, а вёў усю праграму вядомы гледачам па відэароліку “Прараб” Андрэй Перапечка.

Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.

Больш фота вы можаце паглядзець па гэтай спасылцы