Ноч музеяў у Браславе (фота)

Новости

У пятніцу тыя з браслаўчанаў, каму не спалося, здолелі пабываць на цікавым мерапрыемстве — Ночы музеяў. Падобная імпрэза ў нашым горадзе праводзіцца ў трэці раз, і ў гэтым годзе арганізатары (Музей традыцыйнай культуры) здолелі сапраўды здзівіць маштабамі свята.
Гледачам былі прадстаўлены адразу дзве выставы — мастак Алесь Суровы сабраў свае работы ў тэматычную купу «Гісторыя аднаго хлява», а фатографы Руслан Хілімончык і Юры Палуцкі падрыхтавалі для браслаўчан эратычную фотавыставу пад назвай «НЮансы».
Нечаканым сюрпрызам быў невялікі канцэрт вядомага беларускага спевака Віктара Шалкевіча. Усім вельмі спадабаліся яго жартаўлівыя і дасціпныя творы.
Далей для гледачоў на панадворку Музея традыцыйнай культуры свае лепшыя нумары выканалі акторы тэатра мініяцюр «Покер».
А на заканчэнне адбылося чароўнае фаер-шоў, і ўсе браслаўчане разышліся па хатах з добрым настроем. Спадзяёмся, што на наступны год арганізатары падрыхтуюць яшчэ больш уражвальную праграму, а сёлета свята атрымалася выдатным.

Гальляш Сілява,

фота аўтара.