Дзень адчыненых дзвярэй у браслаўскіх аграсядзібах (фота)

Новости

У гэтую нядзелю ў Беларусі на некаторых аграсядзібах адзначаўся дзень адчыненых дзвярэй. Нашы карэспандэнт пабываў у трох з іх і зняў невялікі фотарэпартаж.

Калі ехаць з Браслава ў бок Опсы, на адлегласці трох-чатырох кіламетраў вы можаце заўважыць скульптуру сабакі, што стаіць ля дарогі. Там месціцца сядзіба сп. Веніяміна. Гэты чалавек займаецца «аграсядзібнай» дзейнасцю ўжо некалькі год запар. Найцікавейшым «артэфактам» ля яго хаты нам падалася сцяна, асвечаная (па словах гаспадара) ксяндзом Булькам.

***

Фальварак сп.Валеўкі ведае, напэўна, кожны жыхар Браслава. Гэты чалавек, ці не першы пачаў займацца аграсядзібамі ў нашым краі. За шэсць гадоў з балота (літаральна!) сваімі рукамі была зробленая цудоўная пляцоўка, дзе зараз месцяцца некалькі пабудоў. Найбольш уражвае замак, у якім знаходзіцца міні-музей. Вочы разбягаюцца ад вялізнай колькасці антыкварных прадметаў, не хапіла б і тыдня, каб разглядзець кожную рэч. У фальварку неаднойчы адпачывалі вядомыя спевакі, спартсмены, палітыкі.

***

Сядзіба сп.Калюжнага мо крыху сціплейшая, але імпануе турыстам сваім спакоем, і утульнасцю пакойчыкаў. Сэрвіс прысутнічае нармалёвы: лазня, тэнісны стол, цудоўная тэраса, дзе можна зрабіць шашлык і адпачыць.

Гальляш Сілява.