Фотафакт: выстаўка катоў у Браславе

Общество

Штораз, наведваючы разнастайныя мерапрыемствы цэнтра дзяцей і моладзі, акунаешся ў адмысловую атмасферу свята, якое ствараюць самі школьнікі пад непасрэдным кіраўніцтвам метадыстаў і настаўнікаў. Выставы, пастаноўкі спектакляў, экскурсіі, круглыя сталы, гутаркі – гэта далёка не ўвесь пералік ўсяго, чым работнікі-энтузіясты ЦДМ стараюцца зацікавіць сучасных “камп’ютарных” дзяцей.

На гэты раз для маленькіх гледачоў, бацькоў, настаўнікаў была падрыхтавана выстава катоў “Катавасія”. Канкурсантам – Караліне Кароткай з кошкай Сарай, Ладзе Сінкевіч і яе кату Кузі, кошцы Багіры Карыны Савуць, Надзеі Мацулевіч і кошцы Розаміндзе – давялося прайсці праз некаторыя выпрабаванні. Так, напачатку адбылося невялікае знаёмства з сябрамі нашымі меншымі, падчас якога дзяўчынкі расказвалі пра характар, звычкі сваіх гадаванцаў, паказвалі іх гледачам. Тут жа ім на дапамогу прыйшла група падтрымкі з песнямі і танцамі. Затым удзельніцы прадэманстравалі адмысловыя касцюмы, сшытыя спецыяльна для сваіх чатырохногіх любімцаў. Самым цікавым этапам выставы стала апошняе выпрабаванне, падчас якога кампетэнтнаму журы, што складалася з вядучага ветурача эпізаатолага Браслаўскай райветстанцыі Вольгі Бучукуры, намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы ЦДМ Алы Пучынскай і мяне – карэспандэнта раённай газеты, давялося вымяраць у кошак і катоў даўжыню вусоў, хваста, вушэй. Такі занятак пацешыў як саміх канкурсантаў, так і ўсіх прысутных. Забаўныя, вясёлыя відэаролікі і мультымедыйныя прэзентацыі дапаўнялі агульную карціну мерапрыемства, захаплялі аўдыторыю. З цікавасцю, уважліва усе выслухалі парады Вольгі Тадэвушаўны па доглядзе за катамі і ўзялі сабе на заметку.

А падводзячы вынікі конкурсу, журы адзначыла старанні кожнага з удзельнікаў і таму ўсім былі ўручаны памятныя медалькі, падарункі як сімвал перамогі.

Таццяна Прашкевіч.

Фота аўтара.