Свята перамогі ў Браславе (фота, відэа)

Общество

Дзень Перамогі. У гэтым свяце ўвасоблены бяспрыкладны подзвіг савецкага народа ў супрацьстаянні навіслай над Еўропай і светам фашысцкай ідэалогіі і гордасць цяперашняга пакалення над тым, што менавіта нашы прадзеды, дзяды, бацькі здолелі даць дастойны адпор карычневай навале. Гераізм і самаахвярнай нашых людзей былі без перабольшвання масавымі, бо яны ваявалі за свабоду і незалежнасць сваёй Айчыны і права на жыццё.
На жаль, рады ветэранаў радзеюць. Усё менш і менш застаецца тых, хто можа расказаць сённяшняму маладому пакаленню пра свой шлях да Вялікай Перамогі. У гэты дзень на ўрачыстае святкаванне самага шаноўнага свята прыйшлі толькі 14 ветэранаў. І як пазней на мітынгу ля помніка загінуўшым воінам падкрэсліў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, нам, цяперашняму пакаленню, важна паспець аддзячыць ім, тым, хто ахвяраваў дзеля нас самым каштоўным – уласным жыццём.
… Ідуць гады. Паўсядзённыя справы сціраюцца ў памяці. Але гэты дзень назаўсёды застаўся ва ўспамінах ветэранаў.
Перад пачаткам урачыстасцей з нагоды 67-ай гадавіны з Дня Перамогі, якая праходзіла ў райцэнтры, я распытваў нашых паважаных абаронцаў і змагароў, як і дзе яны сустрэлі гэта дзень. Двое з іх былі ў Берліне.
І. Малашэнка:
— А неяк нават я б сказаў, і будзённа было. Нам пра капітуляцыю паведаміў камандзір палка і пэўны час мы нават не разумелі, што ўсё закончылася…
Д. Шокель:
— Мы трэці дзень запар штурмавалі квартал. Раптам стрэлы з нямецкага боку сціхлі. Не разумелі чаму. І тут чуем: капітуляцыя. З радасці расстраляў уверх увесь свой боезапас.
П. Чапкевіч:
— Пасля лячэння ў шпіталі ехаў на фронт. Спыніліся ў Полацку. На пероне мітусня, стрэлы, людзі крычаць: “Перамога!”. Радасці не было канца. Ды нядоўга, бо паведамілі, што ўся мая сям’я загінула. Вось такі ён, мой Дзень Перамогі.
Па склаўшайся традыцыі ў 11 гадзін раніцы калона прадстаўнікоў працоўных калектываў горада, узначальваемая ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, ад цэнтральнай плошчы накіравалася ў парк да помніка воінам–вызваліцелям, дзе і адбылося асноўнае дзейства святкавання Дня Перамогі.
Пачалося яно з тэатралізаванай пастаноўкі “Салдаты”, падрыхтаванай работнікамі РДК.
Віншавалі гараджан і нашых гасцей на мітынгу старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, начальнік аддзела пагранічнай “Опса” Павел Харчанка, ветэран вайны Уладзімір Януковіч, вучань гімназіі Сяргей Рынкевіч.
Пад адлік хранометра і стрэлы вайсковага залпа ўсе прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых мінутай маўчання.
Пасля заканчэння ўрачыстай часткі святкавання кіраўніцтва раёна запрасіла нашых самых шаноўных яго ўдзельнікаў – ветэранаў вайны — у кафэ на традыцыйныя 100 грамаў франтавых і салдацкую кашу.
Пазней усе жадаючыя змаглі паглядзець спектакль “Радавыя” ў пастаноўцы народнага тэатра РДК. А ў 14 гадзін на стадыёне арганізавалі паказальныя выступленні кінолагі з аддзела пагранічнай службы “Опса”. Яны са сваімі чатырохногімі выхаванцамі паказвалі браслаўчанам работу сабак па вышуку, затрыманні, пошуку наркотыкаў.
У рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Браслаўскім і Пскоўскім раёнамі, да нас на свята завіталі расійскія спартсмены. Адбыўся футбольны матч зборных гэтых рэгіёнаў. Заўважу, што ён выклікаў вялікую зацікаўленасць браслаўчан. Трыбуна нашага адноўленага стадыёна была запоўнена цалкам. Нягледзячы на самую гарачую падтрымку нашых балельшчыкаў, мы прайгралі. Але ж умацавалася дружба.
Як гаварыў пасля заканчэння матча кіраўнік пскоўскай дэлегацыі, дырэктар маладзёжнага цэнтра Пскоўскага раёна Максім Марозаў, яго калектыў вельмі ўразілі святочныя мерапрыемствы, наладжаныя ў Браславе з нагоды Дня Перамогі, наша арганізаванасць, парадак і добразычлівасць.
Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.