У Браслаўскім Доме культуры абралі «Міс Браслава — 2012»

Главное
Пераможца

Конкурсы, на якіх выбіраюць “Міс”,  сталі вельмі папулярнымі ў апошні час. Вось і цяпер мы з асаблівым нецярпеннем назіраем за аналагічным тэлевізійным праектам і чакаем, хто ж заваюе  ганаровы тытул “Міс Беларусь – 2012”. А ў аўторак, 1 мая, у раённым Доме культуры прайшла шоу–праграма “Міс Браслава – 2012”. Браслаўчане, якіх,  як звычайна, на такія мерапрыемствы збіраецца паўнюткая зала,  з васьмі прэтэндэнтак выбіралі таксама самую абаяльную і грацыёзную. Праўда, найбольшая адказнасць лягла на плечы кампетэнтнага журы, узначальваў якое старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. У яго складзе былі старшыня райсавета Ніна Пучынская, намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, старшыня Кекаўскай краявой думы Робертс Юркіс, вядомы ўрач-псіхатэрапеўт, вядучы папулярных тэлеперадач, эстрадны выканаўца Дзмітрый Сайкоў, папулярны беларускі кампазітар, прадзюсар Святаслаў Пазняк і індывідуальны прадпрымальнік Ігар Крот.

Вядучыя Яўген Атрашкевіч і Настасся  Барсковіч па чарзе выклікалі на сцэну і прадстаўлялі ўдзельніц шоу-праграмы: Кацярыну  Аляксееву, Валянціну Жалняровіч, Валянціну  Туляевуа, Яну  Пяткун, Настассю  Пука, Юлію Бабінскую, Валянціну Арсобу, Алёну Драгун.

На сцэне ў той дзень сапраўды правілі баль маладосць, абаяльнасць,  зачараванне і індывідуальнасць. Кожная з удзельніц была па-свойму прывабнай і адметнай, што яны  і спрабавалі прадэманстраваць у конкурсе “Візітная картка”. Іскрамётныя танцы змянялі  маналогі, цудоўная вышыўка, песні. А потым вядучыя правяралі іх на інтэлект, прапаноўваючы ў конкурсе “Нечаканая сітуацыя” пытанні, на якія трэба было даць не толькі правільныя, а і трапныя  адказы наконт выхаду з нялёгкай жыццёвай сітуацыі.

Свае таленты і здольнасці ўдзельніцы шоу паказалі і падчас дэфіле “Дамашняе заданне”, “Інтэлектуальнай размінкі”, дэманстрацыі крэатыўнай калекцыі “Мая фантазія”. Бадай, самыя ж бурныя эмоцыі і ўражанні выклікалі паказы вячэрняй калекцыі “Поўня”, пляжных і святочных убораў.

Усе дзяўчаты трымаліся вельмі прыстойна, праўда, па іх уласным прызнанні, напрыканцы конкурсу стаміліся.

Шоу-праграма не абышлася без сюрпрызаў. На ёй прысутнічалі, як ужо адзначала раней, Святаслаў Пазняк і Дзмітрый Сайкоў, якія ўручылі дыскі з запісамі песень на прафесіянальнай студыі прадзюсарскага цэнтра “Нардзін” браслаўскім узыходзячым зорачкам, што ўдзельнічалі ў конкурсе маладых выканаўцаў “Маладыя галасы – 2012”.

Прыгожае і запамінальнае мерапрыемства было б, бадай, немагчыма, без удзелу спонсараў. Сярод іх былі ў асноўным мясцовыя прадпрымальнікі: Святлана Петрашкевіч з прыватнага прадпрыемства “Альбус”, Вольга Яткоўская з салона вясельных і вячэрніх убораў “Эльві”, Святлана Леўша – дырэктар касметычнай фірмы “Арыфлэйм”, Леанід Яроцкі – гаспадар павільёна “Тавары для дома”, Багуслава  Крот – уладальніца магазіна “Падарункі”.

Хочацца зазначыць, што і канцэртныя нумары на гэты раз дарылі гледачам не даўно вядомыя ўсім выканаўцы, а пераможцы і ўдзельнікі конкурсу “Маладыя галасы”, што таксама прынесла своеасаблівую арыгінальнасць святочнаму мерапрыемству.

Аднак  конкурс ёсць конкурс. У ім заўсёды павінны быць пераможцы, тым больш мы выбіралі “Міс Браслава – 2012”. Ёю была прызнана, па ацэнцы журы, Настасся Пука. Самай рамантычнай назвалі Валянціну Арсобу, абаяльнай – Кацярыну Аляксееву, арыгінальнай – Валянціну Туляеву, індывідуальнай – Валянціну Жалняровіч. Званне  другой віцэ — міс дасталося Алёне Драгун, віцэ – міс – Яне Пяткун. Самай гламурнай журы прызнала Юлію Бабінскую. Дарэчы, прысутныя на мерапрыемстве госці з Кекаўскай краявой думы ёй жа ўручылі і свой спецыяльны прыз – набор касметыкі і пуцёўку на дваіх на адпачынак у Рызе.

Усіх прысутных  напачатку ад усёй душы павіншаваў з  Першамаем, а  затым удзельніц шоу-праграмы з перамогай у кожнай намінацыі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і ўручыў ім  падарункі. Ён падзякаваў дзяўчатам за падоранае свята і смеласць, якая ім так была патрэбна пры выхадзе на сцэну раённага Дома культуры перад такой шматлікай публікай.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.