У Браславе паспыталі «рыбацкага шчасця» (фота)

Власть и общество

Чацвёртае раённае асабіста-каманднае спаборніцтва па падлёднай лоўлі рыбы сабрала ў суботу на возеры Дрывяты самую вялікую колькасць удзельнікаў. Усяго зарэгістраваліся 75 чалавек. А вось геаграфічнае прадстаўніцтва ў параўнанні з папярэднімі гадамі скарацілася да мінімуму. Калі на “Шчупаковую ўдачу” прыязджалі аматары не толькі з суседніх раёнаў, а і з Латвіі і Літвы, то на сёлетнім “Рыбацкім шчасці”прысутнічалі толькі браслаўчане і мінчане. Аднак гэта ніколькі не знізіла накал здаровага запалу спаборніцтва. Кожны з рыбаловаў спадзяваўся на сваю асабістую ўдачу і рыбацкае шчасце. Праўда, шанцавала не ўсім.

Калі на бераг пачалі выходзіць першыя аматары падлёднай лоўлі, то іх уловы не перавышалі і паўкілаграма. Але бліжэй да завяршэння адведзенага на спаборніцтва часу да ўзважвання ўлову пачалі падыходзіць і больш удачлівыя рыбакі. На вагі яны выкладвалі не толькі дробных платвіц і акунькоў, а і больш важкіх падлешчыкаў, а агульныя ўловы пачалі перавышаць 2 – 3 кілаграмы.
Пакуль жа ішло ўзважванне, падаспела і юшка з рыбнымі клёцкамі, якой сагравала рыбаловаў Марыя Карквеліс з нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”.
На ўручэнне ўзнагарод пераможцаў “Рыбацкага шчасця” прыехала намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка.

Пераможцам сёлетняга спаборніцтва судзейская калегія прызнала Аляксандра Странчэўскага з уловам у 4520 грам. Другое месца заняў Аляксандр Скур’ят, які вылавіў і самую вялікую рыбіну вагой 1320 г. На трэцім месцы быў Валерый Яфімаў (2820 г), ён жа злавіў і самую маленькую рыбку.

Самай удачлівай рыбачкай прызналі Таццяну Кавалёнак, а прыз юнага рыбалова-аматара атрымаў Міраслаў Шакур.

У камандным заліку (а іх зарэгістравалася 20) пераможцамі сталі рыбаловы з аграсэрвіса, другімі – ЖКГ, а на трэцім месцы каманда в. Замошша.

Аляксандр Азевіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *