etnalahier 1

Міжнародны этнамузычны лагер адкрыўся ў Браславе (фота, відэа)

Власть и общество

У межах міжнароднага праекта “Паляпшэнне сацыяльна-культурных сувязей паміж Зарасайскім, Даўгаўпілскім і Браслаўскім прыгранічнымі рэгіёнамі і прыцягнення моладзі да актыўнага мясцовага партнёрства” 25 сакавіка ў райвыканкаме адбылося афіцыйнае адкрыццё міжнацыянальнага этнамузычнага лагера. Падчас зносін прадстаўнікі трох краін дзяліліся вопытам і выказвалі ўласнае бачанне абмену культурнымі каштоўнасцямі сваіх народаў, якія ў старажытнасці былі ў складзе адной магутнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага.

Начальнік аддзела культуры райвыканкама Галіна Караткова расказала гасцям пра гісторыю браслаўскага краю, яго культурныя традыцыі, нагадала праграму 10-дзённага мерапрыемства. Гэта не толькі навучанне ігры на народных інструментах, але таксама экскурсіі па раёне, экспедыцыі для запісу самабытных выканаўцаў старажытных мелодый і сустрэчы з фальклорнымі калектывамі, вечарыны, прысвечаныя кожнай з краін-удзельніц.

Дырэктар Зарасайскага цэнтра этнаграфічнай культуры Ёвіта Мікутавічэня паведаміла, як у апошні час у Літве адраджаюцца каштоўнасці нацыянальнай культуры. Сведчаннем таму шматлікія музычныя і танцавальныя фестывалі, этнаграфічныя экспедыцыі. У Беларусі гэтым даўно актыўна займаецца цэнтр этнакасмалогіі “Крыўя”, “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” і шэраг суполак розных накірункаў, якія адраджаюць старыя танцы і спевы, перыядычна ладзяць народныя святы. Дарэчы, у Браславе музей традыцыйнай культуры ўжо набыў багаты вопыт па адраджэнні і папулярызацыі этнаграфічнай даўніны.

Галоўны спецыяліст цэнтра народнай культуры з Вільні Арунас Луніс падкрэсліў, што пры навучанні ігры на народных інструментах варта размяжоўваць класічную і традыцыйную манеры. Гінтарас Андрыяўскас з Літвы засяродзіў увагу на тым, што фальклор і гісторыя трох краін вельмі падобныя, таму варта пераймаць культурныя традыцыі.

Каця Радзівілава, былая ўдзельніца гурта “Стары Ольса”, віртуозна грае на дудзе, скрыпцы і гуслях. На адкрыцці этнамузычнага лагера яна выканала старажытную беларускую мелодыю.

Адзін з колішніх кіраўнікоў пастаўскага народнага ансамбля “Паазер’е” расказаў пра традыцыйнае музычнае свята, якое штогод адбываецца ў Паставах. У выніку афіцыйнага знаёмства ўдзельнікі міжнароднага праекта разыходзіліся зараджаныя творчым натхненнем.

Галляш Сілява.

Фота, відэа аўтара.

З.Ы. Неўзабаве мы змесцім рэпартаж пра тое, як удзельнікі займаюцца ў групах на базе музычнай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.