На будынку браслаўскага музея ўсталявалі шыльду, прысвечаную Отану Гедэману (фота)

Люди

29 красавіка споўніцца 125 гадоў з дня нараджэння вядомага польска-беларускага краязнаўца, гісторыка, натураліста і педагога, даследчыка Наддзвіння Отана Гедэмана.
Ён нарадзіўся 29.04.1887 года ў вёсцы Мнішчызна Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. Бацька Магнус Гедэман – дацкі немец. Па прафесіі інжынер-геадэзіст, меліяратар прыехаў у Расійскую імперыю, дзе праводзіў меліярацыйныя работы на Беларускім Палессі. Маці Ядзвіга Андрэеўская – полька з Наддзвіння. Отан скончыў Гомельскую гімназію. Займаўся ў Кіеўскім універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэце, перад заканчэннем якога быў выключаны за ўдзел у рэвалюцыйным руху.
З 1922 года працаваў настаўнікам і пражываў у Браславе і Друі. З канца 1933 года і да смерці 16.05.1937 года жыў у Вільні. Збіраў матэрыялы па гісторыі Браслаўшчыны і Дзісненшчыны. Вывучаў развіццё гарадоў з магдэбургскім правам, развіццё гандлю, рамёстваў, сацыяльную структуру і маёмасныя адносіны насельніцтва ў беларускіх гарадах сярэдняга Наддзвіння, лясныя промыслы і водныя шляхі на Беларусі 17 – 18 стагоддзяў, гісторыю Белавежскай пушчы.
За апошнія сем гадоў свайго кароткага жыцця напісаў і выдаў 8 грунтоўных манаграфій: “Гісторыя Браслаўскага павета” 1930 г., “Дзісна і Друя – магдэбургскія гарады” 1934 г., “Даўнія пушчы і воды” 1934 г., “Граф Мануцы” 1935 г., “Глыбокае” 1935 г., “Браслаўска-Дзіснескія завяшчанні ХУІІ – ХУІІІ стагодзяў, як гістарычныя крыніцы” 1935 г., “Валер’янаўскія школы айцоў піяраў Лужэцкіх” 1937 г., “Гісторыя Белавежскай пушчы перад падзелам Рэчы Паспалітай (у перыяд да 1798 года”, якая выйшла пасля смерці аўтара ў 1939 годзе.
Краязнаўцы нашага рэгіёна вырашылі шырока адзначыць гэту юбілейную дату. Так, 16 лютага на будынку Браслаўскага краязнаўчага музея была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар юбіляра.
Затым была праведзена прэзентацыя чатырох кніг Отана Гедэмана, якія былі перакладзены з польскай мовы на беларускую і выдадзеныя ў 2012 годзе: “Валер’янаўскія школы айцоў піяраў Лужэцкіх” (пераклад Уладзіслава Ляскоўскага з Шаркаўшчыны), а таксама “Друя – магдэбургскі горад”, “Глыбокае (гістарычны нарыс)” і “Даўнія пушчы і воды” (пераклад Міхала Гіля з Паставаў).
Таксама прэзентацыі кніг прайшлі ў Друі, Шаркаўшчыне, Германавічах, Лужках, Глыбокім, Паставах і Лынтупах. Больш паловы наклада кніг атрымалі бібліятэкі і школы Пастаўскага, Браслаўскага, Глыбоцкага, Шаркоўшчынскага раёнаў.
Рыхтуюцца да друку пераклады кніг юбіляра : “Граф Мануцы” і “Браслаўска-Дзіснескія завяшчанні ХVІІ – ХVІІІ стагодзяў, як гістарычныя крыніцы”, а затым плануецца да канца года падрыхтаваць да друку самую вялікую яго працу “Гісторыя Браслаўскага павета”.
У ліпені будзе праведзена абласная краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная гэтаму юбілею, матэрыялы якой плануецца выдаць асобнай брашурай.

Паводле сайта westki.info

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *