Клуб «Ля возера» вызначыў найлепшых майстроў

Власть и общество

У канцы студзеня адбылося традыцыйнае «каляднае» пасяджэнне клуба майстроў народнай творчасці «Ля возера». Штогод сябры клуба збіраюцца, каб адсвяткаваць надыход Новага года, Каляды, падвесці вынікі сваёй працы за мінулы год, запланаваць дзейнасць на наступны.

Сяргей Лук'янец

У 2011 годзе клуб працаваў вельмі актыўна. Адбыліся ўсе штогадовыя выставы: «Калядныя ўзоры», «Браслаўская палітра», «Бабулін куфар», «Творчасць майстроў Браслава» ў г. Глыбокае. Шмат працавалі летам, каб жыхарам Браслава і шматлікім гасцям нашага краю было прыемна адпачываць. Разам з супрацоўнікамі музейнага аб’яднання майстры ладзілі святы і кірмашы рамёстваў. Гэта і мерапрыемства «Меч Брачыслава», і выстава творчасці майстроў у парку Леснічоўка падчас фестывалю «Браслаўскія зарніцы», і Свята рамёстваў на Замкавай гары, і тры кірмашы на панадворку музея традыцыйнай культуры. Выязджалі на фестываль «Славянскі базар у Віцебску». А майстар па лозапляценні Сяргей Лук’янец браў удзел у рэспубліканскім конкурсе «Лазовы прут», дзе атрымаў першае месца за выраб лазовай мэблі. Таленавіты рамеснік Уладзімір Лук’янец першы ў нашым раёне атрымаў ганаровае званне «Народны майстар Беларусі».

Людміла Еўдакімава

На пасяджэнні абралі «Майстра года – 2011», ім стала Людміла Еўдакімава. Яна займаецца шыццём са шматкоў не так шмат часу, але з кожным годам яе майстэрства расце і цешыць гледача. А яшчэ яна вельмі жыццярадасная, сваім пазітыўным настроем яна натхняе на творчасць усіх майстроў.

Былі размеркаваны і іншыя намінацыі. Напрыклад, самым актыўным сябрам абрана Ларыса Дарафейчык, самым універсальным майстрам – Вера Шыкалава, самым працавітым – Галіна Пабяржына. Дарэчы, кожны майстар годны любога з гэтых званняў. У склад клуба прынялі новага чальца. Ім стала Вольга Асінінка – майстар па валянні з воўны.

Наталля Парахневіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *