Галасуем за браслаўскага Цмока!

Актуальное

Вядомы мастак-мультыплікатар Юлія Рудзіцкая наведала некалькі беларускіх мясцінаў, каб знайсці там цмокаў. І знайшла… Прапануем вашай увазе яе аповед пра незвычайныя прыгоды.

“Акрамя таго, што я займаюся мультыплікацыяй, я яшчэ цікаўлюся гісторыяй. Не сказаць, што на прафесійным узроўні, але падчас збору і падрыхтоўкі матэрыялаў да мультфільма “Будзьма беларусамі!”, я прагледзела процьму візуальнага матэрыялу… І вось што мяне напраўду здзівіла вельмі моцна, дык гэта згадкі ў шматлікіх гістарычных дакументах такой істоты, як Цмок. Цмок згадваецца нават у Статуце Вялікага Княства Літоўскага.

Але, на вялікі жаль, колькі я ні шукала, я так і не знайшла аўтэнтычных выяваў беларускага Цмока. Так, беларускі Цмок, у прынцыпе, не мог моцна адрознівацца ад таго, якога мы ведаем з заходнееўрапейскіх крыніцаў, ці тых жа польскіх гравюраў. Я думаю, калі добра пашукаць, такія выявы можна знайсці і ў беларускіх кнігах і летапісах.

…хачу прадставіць вам вось гэтага цмока, яго я сустрэла на Браслаўшчыне. Ёсць там каля самай Літоўскай мяжы невялічкая вёсачка з дзіўнай назвай з дзвюх літараў – Я Я. Мясцовыя гавораць, што гэта не проста так, а нібы ў старажытныя часы на месцы той вёскі моцна пабіліся два цмокі, але пасля яны замірыліся, а тамтэйшыя жыхары так і назвалі сваё паселішча дзвюма літарамі – ЯЯ. Каб кожны з цмокаў мог сказаць, што яна названая ў ягоны гонар.

Я — мультыплікатар, а таму не вельмі давяраю словам, мне больш падабаецца тое, што я бачу на ўласныя вочы. Былое атачэнне цмока можа сказаць мне пра яго больш, чым трыста яго апісанняў. Але каб спраўдзіць словы пра браслаўскага цмока, знойдзенае мною ў кнізе Вітаўта Аляхновіча “У кіпцюрах таемных пачвар” – трактаце, напісаным у канцы XIX стагоддзя навукоўцам (жмудзінам з паходжання) пра жывёльны свет былога ВКЛ. Не буду прыводзіць словы, якімі Цмок апісаны ў гэтай кнізе, скажу толькі, што дакладна так мне яго і апісвалі бабулькі з браслаўскіх вёсак. Здаецца, не магло вуснае паданне пратрымацца ў нязменным выглядзе больш за 200 гадоў. Як бы там ні было, а вось які “фотаробат” атрымалася ў мяне скласці на Браслаўшчыне (на малюнку).

А вось як яго апісвала мне адна мясцовая старая бабуля:

“Цмок, там гавораць недзе вялікі быў, драпежны, не-не, у нас невялікія цмокі. Ну вось як кабыла ў Цімоха, ага, блізу такі быў. Ну але ж і прыгожыя яны былі. Луска ў яго такая, што дубовы ліст з колеру, але ўся ў такім бляску, бы залатая. І хадзілі яны вельмі прыгожа, нібы хлопец малады, пародзісты. Адразу бачна было, што цмок ідзе, а не хто там. Ну, я маніць не буду – блізка не падыходзіла. Але сама бачыла, дык калі хто кажа, нібы гэта як яшчарка была, – не, адназначна гэта няпраўда, бо на яшчарку зусім былі не падобныя. Як вялікая-вялікая выжла – можа быць, ну але яны ж яшчэ золатам блішчэлі і на сонцы і ўночы, як месяц выйдзе. Ага, і лапы іначай перасоўвалі, нібы з падваротам, ці што. Ну й агнём пляваліся – куды таму сабаку. Што яшчэ ў яго было? Ну, кіпцюры на лапах, хвост, а крылы два – але невялікія, я не бачыла, каб лятаў. Дый не казаў мне пра гэта ніхто. І два рогі невялічкія яшчэ былі, але не ва ўсіх, а толькі ў дзевак іхніх. Ну, усё, здаецца, падлівай гарбаты”.

Юлія Рудзіцкая, якая ў пошуках Цмока, шмат паездзіла па Беларусі, да канца не змагла вызначыцца з тым, які цмок ёй бліжэйшы і які з іх больш адпавядае таму вобразу нашай краіны, які ўбачыць не мясцовы, турыст.

Менавіта турыст можа ўбачыць у тым, што для нас — будзённасць, незвычайныя прыгоды, цуды і, можа, нават Цмока.

Давайце на хвілінку ўявім, што адзін з гэтых цмокаў будзе выбраны турыстычным вобразам Беларусі – вобразам, які будуць скарыстоўваць турыстычныя фірмы, каб завабіць у Беларусь гасцей з блізкага і далёкага замежжа. Вобразам, якім будуць карыстацца фірмы, што забаўляюць замежнікаў у Беларусі, якім экскурсаводы будуць падмацоўваць свае чароўныя гісторыі. Адным словам, які з гэтых цмокаў можа стаць турыстычным сімвалам Беларусі?