Браслаўская бібліятэка арганізуе флэш-моб у дзень роднай мовы

Актуальное

Якая мова самая прыгожая на свеце? Парыжанін адкажа, што гэта мова Вальтэра і Русо, італьянец, што няма мілагучней мовы Дантэ і Петраркі, жыхар туманнага Альбіёна аддасць свой голас за мову Шэкспіра і Дзікенса. Сапраўды, для кожнага чалавека мілей за ўсё мова, на якой спявала яму калыханку маці, словы якой ён чуў з самага дзяцінства, прызнаваўся ў каханні, марыў пра шчасце.

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, упершыню абвешчаны ЮНЭСКА ў 1999 годзе. Гэта арганізацыя падкрэслівае, што мова – самы моцны інструмент чалавечых зносін, а моўная разнастайнасць з’яўляецца агульнасусветнай каштоўнасцю. Як мы, жыхары Беларусі, можам адзначыць гэты дзень, чым дапамагчы росквіту мовы Скарыны і Гілевіча сёння? Бібліятэкары Браслаўскага раёна заклікаюць усіх чытачоў, жыхароў і гасцей Браслаўшчыны далучыцца да ўдзелу ў раённай бібліятэчнай акцыі “Час чытаць на роднай мове” , якая сімвалічна стартуе менавіта ў Міжнародны дзень роднай мовы.

На працягу акцыі, якая будзе доўжыцца да Дня беларускага пісьменства і друку ў пачатку верасня, у бібліятэках запланаваны шэраг мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых па папулярызацыі твораў беларускіх класікаў і сучасных кніг беларускамоўных аўтараў: адкрытыя прагляды літаратуры, электронныя прэзентацыі, сустрэчы з паэтамі, літаратурныя гадзіны, паэтычныя вечарыны, выпуск інфармацыйнай друкаванай прадукцыі да юбілеяў беларускіх пісьменнікаў. У Браслаўскай цэнтральнай бібліятэцы 21 лютага адбудзецца флэш-моб “Сёння размаўляем па -беларуску”. Наведвальнікам бібліятэкі будзе прапанавана паспрабаваць карыстацца толькі беларускай мовай. Адпаведна, бібліятэкары лічаць сваім абавязкам таксама ў гэты дзень размаўляць толькі па-беларуску. Для нас, работнікаў бібліятэк, зрабіць гэта няцяжка: уся дакументацыя Браслаўскай ЦБС вядзецца на роднай мове, большасць мерапрыемстваў праводзіцца па-беларуску, звесткі і рэкламныя матэрыялы на інфармацыйных стэндах бібліятэк, у большасці, таксама. Далучайцеся да нас! Давайце паспрабуем пачаць кожны з сябе: зранку сказаць сваім блізкім “добрай раніцы”, “калі ласка”, калегам – “прывітанне”, “прабачце”, сябрам – “дзякуй”, “да пабачэння”. Пачнём дзень з гэтых родных слоў, станем бліжэй адзін да аднаго, адчуем сябе сапраўднымі беларусамі!

Ірына Макарэвіч,

загадчыца аддзела бібл. маркетынгу

Браслаўскай ЦБС.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *