Медыцынскія паслугі: за аплату і без

Спрашивайте-отвечаем
Хацелася б ведаць, грамадзянам якіх краін і ў якіх выпадках у раённай бальніцы і ў іншых установах аховы здароўя аказваюць медыцынскую дапамогу на платнай аснове, а калі – бясплатна. Ірына С.За адказам на гэта пытанне рэдакцыя звярнулася да галоўнага ўрача ЦРБ Аляксандра Макарэвіча:

— Парадак аказання медыцынскай дапамогі грамадзянам краін СНД  (акрамя грамадзян Расійскай Федэрацыі) вы-значаны законамі Рэспублікі Беларусь, а таксама Пагадненнем, якое падпісана 27 сакавіка 1997 года.

У адпаведнасці з гэтымі дакументамі, хуткая і неадкладная дапамога пры вострых захворваннях, якія пагражаюць жыццю хворага або здароўю людзей, што знаходзяцца побач з ім, пры няшчасных выпадках, атручэннях, траўмах, родах і ў перыяд цяжарнасці грамадзянам краін Садружнасці аказваецца бясплатна і ў поўным аб’ёме.

З моманту, калі пагроза жыццю хворага ліквідавана, медыцынская дапамога аказваецца на платнай аснове.

Парадак аказання дапамогі грамадзянам Расіі вызначаецца Пагадненнем паміж урадамі РФ і Беларусі. Артыкул 6 Пагаднення забяспечвае роўныя правы грамадзянам нашай краіны і расіянам, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі іншай дзяржавы і працуюць там па дагаворах, на атрыманне меддапамогі ў дзяржаўных і муніцыпальных установах аховы здароўя абедзвюх краін.

Іншыя замежныя грамадзяне, якія пастаянна жывуць і маюць від на жыхарства ў РБ, маюць права на ўсе віды медыцын-скай і лекавай дапамогі нараўне з грама-дзянамі нашай краіны.

Грамадзяне Літвы, Латвіі, іншых краін Еўрасаюза павінны мець пры звароце ў медустановы раёна і вобласці страхоўку. Але здараецца, што такая адсутнічае, або, напрыклад, пацыент звяртаецца па дапамогу ў стане алкагольнага ап’янення, што не з’яўляецца страхавым выпадкам, тады за лячэнне давядзецца заплаціць круглую суму.

Літаральна нядаўна за аказанне медыцынскай дапамогі грамадзянка Латвіі з алкагольным атручэннем заплаціла за суткі лячэння ў стацыянары ЦРБ каля 700 тысяч рублёў, а грамадзянін Галандыі, які звярнуўся са страсеннем галаўнога мозгу, — 1 млн. 300 тысяч рублёў. Калі ж пацыент адмаўляецца аплаціць сваё лячэнне, мы маем права звярнуцца ў пасольства краіны, грамадзянінам якой ён з’яўляецца. Уся інфармацыя на такую асобу заносіцца ў камп’ютарны банк даных,  і ўезд у нашу краіну будзе чалавеку забаронены.