Калі страхоўка не выплачваецца

Главное
Аналіз няшчасных выпадкаў, што адбыліся ў 2009 годзе ў вобласці на вытворчасці, паказвае, што асноўнымі іх прычынамі з’яўляюцца: парушэнні працоўнай і вытворчай дысцыпліны – 23,1%; невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы – 14,9%; знаходжанне на рабоце ў стане алкагольнага ап’янення – 13,3%. Кожны чацвёрты з пацярпеўшых або загінуўшых знаходзіўся на працоўным месцы п’яным.Указам прэзідэнта  ў новай рэдакцыі зацверджаны пункт 264 Палажэння аб страхавой дзейнасці ў РБ. У ім напісана,  калі ў застрахаванай асобы пашкоджана здароўе ў выніку ўстаноўленага судом наўмыснага дзеяння або пры абставінах, калі адзінай прычынай няшчаснага выпадку стала знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ці выклікана ўжываннем наркатычных, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў, і гэта пацверджана  дакументам, выдадзеным ва ўстаноўленым парадку ўстановай аховы здароўя, страхавыя выплаты пацярпеўшаму не робяцца. Раней адмова ў праве на атрыманне страхавых выплат была прадугледжана ў выпадку злоснага намеру нанясення шкоды свайму здароўю застрахаванай асобай, які быў пацверджаны праваахоўнымі органамі.

Гэтыя змены ўступаюць у сілу з 1 ліпеня 2010 года.

Хочацца спадзявацца, што дадзены дакумент дапаможа знізіць сумную статыстыку няшчасных выпадкаў на вытворчасці і павысіць асабістую адказнасць саміх работнікаў за сваё жыццё і бяспеку.

Л. Лапко, гал. спецыяліст па ахове працы  ўпраўлення па працы, занятасці і  сацыяльнай абароне.