На Браславщине растет количество агрогородков

Деньги

Па дзяржаўнай праграме развіцця і адраджэння сяла на 2005-2010 гады па ўсёй краіне павінен з’явіц-ца не адзін дзесятак аграгарадкоў. Гэта магчымасць атрымаць многім вёскам Беларусі другое жыццё. На Браслаўшчыне да ўжо атрымаўшых статус аграгарадка населеных пунктаў далучыліся яшчэ 4. У суботу, 26 снежня, сімвалічная стужка была перарэзана ў Плюсах. Аграгарадкамі таксама сталі Далёкія, Мяжаны і Дрысвяты.

З раніцы ў суботу прадстаўнікі райвыканкама на чале са старшынёй Пятром Гішкелюком наведалі некаторыя cацыяльныя аб’екты ў Плюсах. Асноўнымі кропкамі маршруту сталі цялятнік СВК “Альшанка”, амбулаторыя і сярэдняя школа-сад. Так, у школе гасцей сустракаў яе дырэктар Ф. Валяўка. Ён расказаў, што тут былі праведзены работы па замене ўваходных дзвярэй, устаноўлены новыя энергазберагальныя лямпы, пастаўлена сучасная сантэхніка, адрамантавана кухня, заменена школьная мэбля і інш. У тым, што гэта сапраўды так, змаглі ўпэўніцца, калі прайшлі па школьных калідорах, зазірнулі ў некаторыя кабінеты.

Пасля агляду сацаб’ектаў прадстаўнікі райвыканкама накіраваліся ў Плюскі Дом культуры, які, дарэчы, таксама набыў новы сучасны выгляд. Тут гасцей сустракалі хлебам-соллю і мёдам работнікі культуры. А потым пачалося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае наданню статусу аграгарадкоў населеным пунктам. Перад прысутнымі са справаздачамі аб праведзенай рабоце ў аграгарадках выступілі адказныя за гэта асобы. Так, намеснік старшыні райвыканкама М. Малаток  паведаміў, што ў эксплуатацыю ўведзена 88 аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння, а на гэтыя мэты было выдзелена і асвоена 12 млрд. рублёў, ні адзін з запланаваных аб’ектаў не застаўся па-за ўвагай. На незакончаных жа работы працягнуцца ў наступным го-дзе. Дарэчы, рамонтныя работы вялі мясцовыя падрадчыкі.

Галоўурач ЦРБ А. Макарэвіч прадоўжыў тэму і паведаміў, што медыцынскія ўстановы набылі дастойны выгляд, а жыхары атрымалі магчымасць  якаснай медыцынскай дапамогі  па месцажыхарстве.

Начальнік раённага вузла электрасувязі Д. Ціваловіч падкрэсліў, што вызначаныя будаўнічыя работы таксама выкананы, засталося толькі добраўпарадкаванне. Хутка жыхары аграгарадкоў атрымаюць інтэрактыўнае тэлебачанне і высокахуткасны інтэрнэт.

Старшыня райвыканкама Пётр Гішкелюк падвёў вынікі праведзенай за год работы і выказаў падзяку ўсім людзям, хто прыклаў свае сілы да гэтай справы. “Усе папрацавалі шчыра і ад душы”, – адзначыў Пётр Аляксандравіч. Ён уручыў ганаровыя граматы і аб’явіў падзяку райвыканкама тым, хто вызначыўся пры стварэнні аграгарадкоў.  А пасля цудоўны канцэрт і настрой усім прысутным падарылі вакальныя групы “Вярба” і “Крэда”.

А. Казлоўская.