Интервью с одним из лучших трактористов Браславщины

Экономика и финансы

Пра сваё дзяцінства кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Анатоль Юльянавіч Траба ўспамінаць не любіць. Ды і пра што ўспамінаць, калі практычна не было ні гульняў, ні забаў. Нарадзіўся ён у 1941-м годзе. Пасля вайны, калі жывым з фронту вярнуўся бацька, здавалася, жыццё наладзіцца. Ды атрыманыя ў баях раненні далі пра сябе знаць: праз 8 гадоў ён памёр. Старэйшаму Анатолю нічога не заставалася, як пайсці працаваць, каб падтрымаць сям’ю. Сына франтавіка пашкадавалі ў мясцовай МТС і, хоць яму тады не было 14-ці гадоў, прынялі на работу сцэпшчыкам.

Гэта недасведчанаму можа здацца, што ў сцэпшчыкаў праца не надта цяжкая. Але ж працавалі тады механізатары пазменна – па сутках. Падлетку ж вытрымаць сутачную нагрузку, асабліва ноччу, не так і проста. Здараліся выпадкі, калі такія памочнікі засыналі і траплялі пад плугі. Анатоль жа прыдумаў сабе своеасаблівую зарадку: у пачатку баразны апускаў плугі, саскокваў і да канца загону бег побач. У канцы заскокваў на плугі, узнімаў іх і пасля развароту паўтараў тое ж самае. Калі трактарыст заўважаў такое свавольства, а яно магло скончыцца трагічна, сцэпшчыку перападала на арэхі. Але ж іншага спосабу прагнаць сон малы не знаходзіў.

Тая работа сцэпшчыкам і запала ў памяць пра дзяцінства. Жартуючы, ён гаворыць, што яму часам здаецца, быццам нарадзіўся ў трактары і да пенсіі ў ім пражыў.

Перад службай у арміі юнак без усялякай вучобы атрымаў правы трактарыста. У большасці выпадкаў прызыўнікі-механізатары служылі ў танкавых войсках. Анатоль жа і там сеў за рычагі трактара. Іх падраздзяленне ў Карэліі вяло нарыхтоўку драўніны. Яго прызначылі на трылёвачнік. А ў апошні год службы за выдатнае веданне тэхнікі перавялі ў ротныя механікі.

Вярнуўшыся са службы ў свой Шаркаўшчынскі раён, зноў уладкаваўся працаваць трактарыстам. Праўда, доўга не затрымаўся. Сябар запрасіў на вяселле ў Мількі. Там Анатоль пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай Раісай. У хуткім часе і пажаніліся. Дырэкцыя саўгаса выдзеліла маладым пакой у старэнькім доме ў Рафалове. Так у працоўнай кніжцы А. Траба з’явіўся апошні запіс: “прыняты на работу трактарыстам”.

Менавіта ў саўгасе “Браслаўскі” малады механізатар упершыню “змяніў” трактару: на час уборкі сеў за руль камбайна. Ужо праз два гады А. Траба па намалотах выйшаў у лідары сярод камбайнераў гаспадаркі. Калі ж у раёне пачала ўкараняцца звеннявая сістэма вырошчвання сельгаскультур, члены створанага ў саўгасе звяна, якое ўзялося вырошчваць збожжа, абралі Анатоля звеннявым. Па выніках першага года работы звеннявы быў узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР “За поспехі ў народнай гаспадарцы”. Самую ж каштоўную ўзнагароду – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга – Анатоль Юльянавіч атрымаў у 1976 годзе.

Як лічыць знатны механізатар, са сваёй Раісай Іванаўнай яны пражылі хоць і нялёгкае, але годнае жыццё. У працы заўсёды былі лепшымі, выгадавалі дзвюх дачок, якія падарылі ім чатырох унучак. А нядаўна на радасць бабулі і дзядулі ў іх з’явіўся праўнук. А пра сябе Анатоль Юльянавіч кажа так: “Няхай у мяне не было радаснага дзяцінства, затое старасць у радасць”.

А. Азевіч.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *